31 снежня 2025, Серада, 4:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Даходы падаюць, ад дзяржавы дапамогі няма»

19
«Даходы падаюць, ад дзяржавы дапамогі няма»

Беларускія таксісты абураныя бяздзейнасцю ўладаў.

Праз каранавірус грамадскі транспарт фіксуе зніжэнне пасажыраплыні. Некаторыя мяркуюць, што людзі сталі часцей карыстацца паслугамі таксовак. Як напраўду ідуць справы ў гэтай сферы? Пра гэта «Автобизнес» пагаварыў з трыма таксістамі з двух беларускіх гарадоў.

Амаль удвая менш працы

Ігар, таксіст з Гародні, працуе кіроўцам на чужым аўтамабілі.

«У сувязі з усімі падзеямі за месяц заказаў стала амаль удвая менш. Праз гэта працадаўца нават змяніў графік працы. Цяпер працуем дзень 24 гадзіны) праз двое. Атрымліваецца, за дзень (24 гадзіны) прывозіш прыкладна тую ж суму, што раней за 12-гадзінную змену.

Многія памылкова думаюць, што людзі сталі болей баяцца грамадскага транспарту і пераселі на таксоўкі, але гэта не так. Цяпер усё агулам менш імкнуцца выходзіць на вуліцы і кудысьці ездзіць.

ФОТА: ABW.BY

Вонкава таксама ўсё мяняецца. Некаторыя таксісты сталі ездзіць у масках, пасажыры - хто як. Адзінае, што з'явілася, напэўна, амаль у кожным аўто, - слоік з антысептыкам.

Раней вечарамі можна было больш-менш зарабляць, асабліва ў выходныя дні. Але дыскатэкам забаранілі працу прыкладна месяц таму, іншыя ўстановы таксама абмежавалі час працы. Усе сядзяць дома, моладзь таксама прыкметна менш гуляе вечарамі.

Кіроўцы, хто раней працаваў на арэндзе, сталі пераходзіць на заробкавыя дачыненні. На арэндных аўто, напэўна, ужо ніхто не застаўся, бо можна папросту спрацаваць са стратай».

Шмат хто сыходзіць праз зніжэнне тарыфаў і каранавірус

Уладзімір - ужо былы таксіст з Менска. Да нядаўняга часу на ўласным аўто ён працаваў з адной са сталічных фірм таксовак.

«Я наважыў сысці з гэтага бізнэсу. Тарыфы сталі нявыгаднымі, працы менш, у дадатак такая праца - гэта падвышаная рызыка заразіцца каранавірусам. Два тыдні не працую ў гэтай сферы.

ФОТА: ABW.BY

Ужо ў сакавіку працы, як і людзей на вуліцах, станавілася менш. У забаўляльныя ўстановы людзі амаль перасталі хадзіць. Рабіць цяпер у таксі няма чаго. Ад дзяржавы пакуль ніякай дапамогі няма, выдаткі застаюцца ранейшымі, у той час як даходы істотна падаюць».

«Надзену маску, пасажыраў буду пускаць толькі на заднія сядзенні»

Сяргей - пенсіянер, які працуе ў таксі на ўласным аўтамабілі. Спачатку ён таксама наважыў часова сысці з гэтай сферы, але грошы з ніадкуль не возьмуцца:

«У пачатку красавіка перастаў працаваць - не хацелася б захварэць, тым больш я чалавек пенсійнага ўзросту і знаходжуся ў зоне рызыкі. Заказаў у канцы сакавіка – у першыя дні красавіка ўжо станавілася менш чым звычайна. Думаў пакуль не працаваць.

Але мы не ў Амерыцы, нам ніхто проста так грошай не дае. Нібыта шмат і не трэба, але грошай усё адно не стае, пенсія мінімальная. Падумваю вяртацца да працы. Выеду, пагляджу, як наогул ідуць справы з заказамі. Надзену маску, пасажыраў буду пускаць толькі на заднія сядзенні.

Некаторыя, як і я, прыпынілі працу, а іншыя вымушаныя працаваць кожны дзень, нягледзячы ні на што. Шмат у каго ёсць крэдыт, у нашай краіне ніхто не касуе аплаты. Таму людзі будуць вымушаныя працаваць, каб зарабіць хоць бы штосьці».

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках