«Улады ўтойваюць інфармацыю»: беларусы звярнуліся да кіраўніка САЗ
12- 2.04.2020, 9:59
- 47,818
Тэдрасу Адханаму распавялі, што напраўду адбываецца ў нашай краіне.
Абураныя бяздзейнасцю ўладаў падчас пандэміі Covid-2019 беларусы звярнуліся да кіраўніка Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Тэдраса Адханама. Петыцыя размешчаная на сайце avaaz.org.
"Просім вас звярнуць увагу на сітуацыю з Covid-2019 у Беларусі. У нас ёсць усе падставы меркаваць, што ўлады краіны хаваюць рэальную інфармацыю як ад насельніцтва, так і ад Сусветнай арганізацыі здароўя", - гаворыцца ў петыцыі.
Аўтары таксама адзначаюць, што інфармацыя, якую публікуе Міністэрства аховы здароўя Беларусі, не адпавядае рэальнай і разыходзіцца са звесткамі, якія паведамляюць медыцынскія работнікі.
"Многія лекары, якія лячылі інфіцыраваных пацыентаў, паведамілі, што яны былі вымушаныя падпісаць дакументы аб невыдаванні. Медыцынскі персанал баіцца казаць праўду. У чацвёртым па колькасці насельніцтва горадзе краіны Віцебску ў бальніцах знаходзіцца не менш за тысячу пацыентаў з пнеўманіяй. Большасць з іх не былі пратэставаныя на Covid-2019 ", - пішуць аўтары дакумента.
У петыцыі падкрэсліваецца, што ў Беларусі працуюць рэстарацыі, паркі і бары, праводзяцца масавыя спартыўныя мерапрыемствы, адкрытыя межы, лекары не маюць сродкаў індывідуальнай абароны ў патрэбнай колькасці.
"Калі ласка, дапамажыце нам перажыць гэтую пандэмію з як мага меншай колькасцю ахвяр. Грунтуючыся на неафіцыйных звестках, якія мы можам атрымаць ад медыцынскіх работнікаў у розных частках Беларусі, расце колькасць інфікаваных людзей, расце ўзровень смяротнасці, які хаваецца за іншымі прычынамі. Сітуацыя становіцца толькі горшай, і большасць насельніцтва не робіць нічога, каб спыніць распаўсюд віруса", - гаворыцца ў петыцыі.
Дакумент падпісалі ўжо больш за 9 тысяч чалавек. Прачытаць яго цалкам (на англійскай мове) і падпісаць можна тут.