18 лiстапада 2024, панядзелак, 10:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лекарку, якая распавяла праўду пра сітуацыю ў Віцебску, выклікалі ў пракуратуру

121
Лекарку, якая распавяла праўду пра сітуацыю ў Віцебску, выклікалі ў пракуратуру
НАТАЛЛЯ ЛАРЫЁНАВА

Калегі падтрымліваюць пазіцыю Наталлі Ларыёнавай.

Лекарка шпіталя хуткай медычнай дапамогі Наталля Ларыёнава з Віцебска паведаміла, што 1 красавіка яе выклікалі ў пракуратуру вобласці - для дачы тлумачэнняў аб публікацыі, якую яна размясціла ў сацыяльнай сетцы пра сітуацыю з каранавірусам у Віцебску. Лекарка, нагадаем, заявіла, што яна «пачала выходзіць з-пад кантролю» і што лічбы захворвання, якія Беларусь падае ў САЗ, «абсалютна міфічныя», паведамляе tut.by.

- Я атрымала позву, у якой гаварылася, што 1 красавіка а 16 гадзіне мне належыць з'явіцца да намесніка начальніка пракуратуры вобласці для апытання ў рамках праверкі з нагоды майго допісу ў інтэрнэце, - паведаміла Наталля Ларыёнава. - Мяне нават прывезлі туды і адвезлі. Размаўлялі вельмі ветліва, годна. У мяне пыталіся: ці мая гэта старонка ў сацыяльных сетках, ці я пісала гэты допіс. Мае сведчанні запісалі на відэа і пісьмова.

У лекаркі таксама, з ейных слоў, пацікавіліся, адкуль яна брала інфармацыю для сваёй публікацыі і на чым грунтуюцца ейныя высновы пра сітуацыю з каранавірусам у Віцебску і краіне:

- Я сказала, што звесткі ўзяла з размоў з калегамі-медыкамі, якія бачаць, што адбываецца, і абмяркоўваюць гэта паміж сабой. Таксама я скончыла медінстытут, дзе вывучала эпідэміялогію. Усе медыкі рэальна ацэньваюць цяпер сітуацыю, але маўчаць - не ведаю чаму. У пракуратуры ў мяне спыталі: колькі чалавек хварэе. Я адказала, што дакладную колькасць не ведаю. Пацікавіліся і тым, хто хварэў з лекараў. Назвала іх пасады. Пад канец размовы спыталі, якія меры, па-мойму, трэба ўвесці. Я сказала: карантын. І патлумачыла чаму.

Са слоў Наталлі, пасля выхаду допісу віцебскія медыкі дзякавалі ёй за смеласць:

- І лекары, і медсёстры мне ледзь не на грудзі кідаліся, казалі: малайчына! У прафесійным асяродку цалкам мяне падтрымліваюць.

Лекарка Ларыёнава кажа, што ёй было не страшна рабіць такую публічную заяву:

- Калі ты стаіш перад абліччам магчымай смерці - ужо нічога не страшна. У мяне ўсе вакол - лекары: і бацькі, і браты, і сёстры, і сябры. Гэта значыць медыцына - мой свет, мая вялікая сям'я. І ўсе лекары разумеюць, што цяпер робіцца ў краіне. Але сістэма - яна мацнейшая. І людзі баяцца адкрыта гаварыць. Я - наважылася гэта зрабіць.

У адміністрацыі Віцебскай гарадской клінічнай лякарні хуткай медыцынскай дапамогі паведамілі, што да Наталлі Ларыёнавай за яе публічную пазіцыю не будзе прынята ніякіх захадаў.

- А за што? Навошта нам пладзіць пакутнікаў? Каб народ абураўся: вось яе пакаралі? Працоўную дысцыпліну спецыялістка не парушае. А тое, што яна выказвае ў інтэрнэце свае эмоцыі, перажыванні - гэта ейнае права, - сказаў намеснік галоўнага лекара Віцебскай БСМП Аляксандр Віннікаў.

Прадстаўнік адміністрацыі заявіў, што допіс Наталлі - гэта ейнае прыватнае меркаванне:

- Допісы ў інтэрнэце цяпер выходзяць адзін за адным. Пазіцыя Наталлі Ларыёнавай - гэта пазіцыя не калектыву БСМП, не лекараў БСМП, а толькі прыватнае меркаванне гэтай супрацоўніцы. Маё асабістае меркаванне на гэты конт: не трэба ратаваць свет, цяпер проста кожны лекар павінен выразна спрацаваць на сваім працоўным месцы - і тады ўсім будзе добра.

Лекарка Ларыёнава ў 1995 годзе скончыла лячэбны факультэт Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. У клініцы хуткай дапамогі працуе 18 гадоў.

Напісаць каментар 121

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках