Міністэрства аховы здароўя Чэхіі: Да канца красавіка ў краіне будзе 14 тысячаў інфіцыраваных COVID-19
- 2.04.2020, 14:55
- 9,822
Урад краіны хоча падоўжыць надзвычайнае становішча да 11 траўня.
Міністр аховы здароўя Адам Войцэх у сераду раніцай расказаў пра сітуацыю з каранавірусам у ЧР. Паводле ягоных словаў, Чэхія адчувае сябе добра, і пра паўтарэнне італьянскай мадэлі казаць не выпадае. Эксперты па-ранейшаму чакаюць да 14 тыс. пацверджаных выпадкаў да канца красавіка, паведамляе выданне aroundprague.cz.
«На сёння ў нас 3330 станоўчых пацыентаў. Гэта павелічэнне на 307 выпадкаў за дзень. Мы павялічваем колькасць тэстаў, лік пратэставаных пацыентаў складае 6206 чалавек», – сказаў Войцэх.
Паводле ягоных словаў, на сёння ў Чэхіі 45 ачунялых і 32 памерлыя.
«Чэшская Рэспубліка кантралюе развіццё эпідэміі нашмат лепш, чым іншыя еўрапейскія дзяржавы. Мы не бачым перадумоваў для песімістычнай мадэлі. Мы дакладна не ідзем паводле італьянскага сцэнара. Колькасць новых пацыентаў расце даволі павольна ў параўнанні з колькасцю тэстаў», – дадаў Войцэх.
Да канца красавіка 14 тысячаў
Паводле словаў Ладзіслава Душэка, дырэктара Інстытута інфармацыі і статыстыкі аховы здароўя, Чэшская Рэспубліка чакае 14 тыс. пацверджаных выпадкаў захворвання да канца красавіка, а ў сярэдзіне красавіка гэты лік дасягне 8 тыс. выпадкаў.
«Восем тысячаў ізноў пацверджаных выпадкаў будуць выяўленыя да сярэдзіны красавіка. Але гэта не агульная колькасць інфіцыраваных, а толькі выяўленыя і дыягнаставаныя. У сярэднім гэты лік вар'іруецца ад 5600 да 12 300", – сказаў Душэк. Паводле ягоных словаў, мадэль цалкам рэалістычная. Да канца красавіка лікі будуць яшчэ вышэйшыя.
«Мадэль прагназуе 14 тыс. выпадкаў да канца красавіка, у дыяпазоне ад 7200 да 30 000», – дадаў Душэк.
Урад краіны хоча падоўжыць надзвычайнае становішча да 11 траўня.