«Школы стануць новым асяродкам эпідэміі»
35- 2.04.2020, 15:45
- 58,783
Нельга дапусціць вяртання школьнікаў на вучобу пасля заканчэння вакацый.
Пра гэта прэс-службе грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» напісала маці вучня адной з менскіх школ. Прэс-служба публікуе тэкст яе ліста цалкам:
- Такім чынам, сёння ўжо 2 красавіка, праз чатыры дні ў школах заканчваюцца вясновыя вакацыі, і дзеці адправяцца па навучальных установах. Масава. Ва ўмовах пандэміі, перапоўненых лякарняў і злачыннага маўчання ўладаў.
Асабліва трывожыць той факт, што кожны дзень з дзіцячых садкоў, школ, ДЮШС паступае інфармацыя аб інфікаваных супрацоўніках устаноў адукацыі - нават у перыяд канікул. Даслоўна ўчора стала вядома пра смерць настаўніцы ангельскай мовы з вёскі Доктаравічаў, якая падчапіла інфекцыю яшчэ да іх пачатку. Гэта невялікі населены пункт. Уявіце, што будзе ў буйных гарадах, калі дзеці, якія маюць стасункі з мноствам людзей, ходзяць у адкрытыя гандлёва-забаўляльныя цэнтры, наведваюць паводле разнарадкі абсурдныя мерапрыемствы, сядуць за парты! Не трэба быць сямі пядзяў у ілбе, каб зразумець, што адбудзецца эфект бомбы, якая выбухнула.
Непадробны страх выклікае і тое, што каранавірус пачаў «маладзець». У Еўропе ад Covid-2019 паміраюць дзеці ва ўзросце да 14 гадоў. Гэта адбываецца ў такіх краінах, як Бельгія і Вялікая Брытанія, у якіх ужытыя карантынныя захады і грамадзяне маюць высокі ўзровень сацыяльнай адказнасці. Што казаць пра Беларусь, дзе карантынам нават і не пахне, а дзяцей у масках можна сустрэць хіба што ў паліклініцы. Можна з упэўненасцю сказаць, што школьнікі - у групе рызыкі.
Школы стануць новым асяродкам эпідэміі.
Відавочна, на міністра-камуніста Карпенку разлічваць не варта, як і на разумныя дзеянні большасці педагогаў, якія ў страху фальсіфікавалі «выбары», а цяпер у яшчэ большым страху заганяюць нашых дзяцей у смяротную пастку. Таму, толькі народны карантын, адказнасць бацькоў, грамадскі рэзананс і паўсюднае інфармаванне аб непазбежнай небяспецы ў выпадку адкрыцця школ 6 красавіка дапаможа хоць неяк мінімізаваць наступствы катастрофы, якая на нас насоўваецца.