На МАЗ, МТЗ і заводзе Вавілава ёсць выпадкі каранавірусу
14- 2.04.2020, 18:27
- 91,707
Што адбываецца на буйных прадпрыемствах?
Чытачы паведамляюць пра выпадкі каранавірусу на буйных прадпрыемствах Менска. Tut.by спытаў, ці плануюць заводы-гіганты сыходзіць на карантын.
МТЗ
Сёння раніцай дэзінфікавалі памяшканні ў адміністрацыйным корпусе Менскага трактарнага завода. Надпісы «Карантын» з'явіліся на дзвярах трэцяга і чацвёртага паверхаў. Супрацоўнікі завода паведамілі, што каранавірус пацвердзіўся ў кагосьці з бухгалтэрыі.
Кіраўніцтва прадпрыемства пацвердзіла гэтую інфармацыю. Намеснік гендырэктара «МТЗ» у ідэалагічнай працы, кадрах і сацразвіцці Андрэй Сусленкаў тлумачыць:
- Тут была санітарная эпідэміялагічная служба, правялі дэзінфекцыю кабінетаў, па калідоры прайшліся - і ўсіх зноў дапусцілі да працы. Шасцярых з кабінета, дзе была захварэлая, адправілі на самаізаляцыю - гэта кантакты першага ўзроўню.
Суразмоўца дадае, што захварэлая трапіла ў лякарню яшчэ 23 сакавіка, аднак тое, што яна інфікаваная каранавірусам, пацвердзілі толькі цяпер.
- Так што практычна гэты двухтыднёвы карантын мае работнікі прапрацавалі на месцах - калі б у кагосьці яшчэ былі ўскладненні, думаю, гэта б ужо ведалі. Але на ўсялякі выпадак усё адно людзей адправілі ў самаізаляцыю.
Прадстаўнік МТЗ распавядае, што адзін з кантактаў адправілі не на хатнюю самаізаляцыю, а ў лякарню.
- Супрацоўніца жыве ў інтэрнаце, таму наважылі, каб яна больш ні з кім не кантактавала.
Са слоў Андрэя Суслянкова, карантыну на заводзе няма, выпадкаў інфікавання ў вытворчай частцы не выяўлена.
- Завод працуе, камплектуючыя да нас пастаўляюцца. Арганізаваныя пасты - у кіроўцаў, якія прывозяць фуры на завод, правяраюць тэмпературу. Мы дакладна выконваем рэкамендацыйны ліст Міністэрства аховы здароўя ў прафілактыцы. Людзям выдалі сродкі абароны, антысептыкі, прымусовага патрабавання хадзіць у масках няма, але на пастах аховы, побач з якімі праходзіць шмат людзей, мы рэкамендуем насіць маскі. У сталовых сталы расставілі на адлегласць, не меншую за два метры адна ад адной. У гэтай сітуацыі галоўнае - ужываць прафілактычныя захады, людзям - выконваць загады, тады ўсё будзе нармальна.
МАЗ
На МАЗе таксама зафіксаваны выпадак каранавірусу ў супрацоўніка.
- Адзін выпадак выяўлены. Завод працуе ў штатным рэжыме, праводзяцца ўсе неабходныя мерапрыемствы паводле рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя, штодня праводзіцца дэзапрацоўка памяшканняў, - адзначыла намесніца гендырэктара ААТ «МАЗ» Зоя Таран.
Завод імя Вавілава
На менскім заводзе імя Вавілава на тыдзень у адпачынак адправілі гальванічны цэх. Там працуе да 100 чалавек. Усё таму што ў адной з работніц цэха знайшлі каранавірус, пра гэта ўчора паведаміла «Радыё Свабода».
Сёння з журналістамі звязаўся адзін з супрацоўнікаў прадпрыемства і дадаў, што на карантын да нядзелі сышоў яшчэ адзін цэх - 26-ы транспартна-механічны.
- У нас тэхніка, машыны, мы кантактуем з усімі іншымі цэхамі завода, у тым ліку з тым, дзе ёсць пацверджаны выпадак. Таму на карантын да канца тыдня адправілі і нас.
Са слоў суразмоўцы, ва ўсіх цэхах завода імя Вавілава правялі дэзінфекцыю. Як гэта выглядае - на відэа.