Дзве ВНУ ў Беларусі папрасілі студэнтаў не выязджаць за горад
5- 2.04.2020, 20:48
- 29,420
Студэнтам таксама сказалі заставацца ў інтэрнатах.
У Міністэрстве адукацыі кажуць, што гэтае рашэнне адукацыйных устаноў.
Да Belsat.eu звярнуўся студэнт Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, які распавёў, што ўсім навучэнцам рэкамендавалі не пакідаць інтэрнат і не выязджаць з горада. Гэта ўжо не першая інфармацыя пра такую рэкамендацыю. Даслоўна ўчора мы пісалі пра Палескі ўніверсітэт у Пінску.
«Учора прыходзіла намесніца дэкана. Сказала, што нашы студэнты не гатовыя да самаізаляцыі, што пакуль ніякага карантыну не будзе. Сказала, каб усе заставаліся на месцы, сядзелі па інтэрнатах, па кватэрах, каб за горад не выязджалі наогул. Ім прыйшоў нейкі загад зверху, каб нікога не пускалі за горад. На пары прыйдзецца хадзіць. Ніякіх пагроз не было, але там усё кантралюецца», - кажа студэнт.
Як універсітэт будзе кантраляваць, хто выязджаў з Баранавічаў, а хто не - студэнт не ведае. Дадаў, што кожны дзень правяраюць, каго няма на парах, складаюць спіс. Тых, каго няма, пытаюцца, дзе быў у гэты час.
Прарэктарка ў выхаваўчай працы ўніверсітэта Ганна Верабей пацвердзіла нам гэтую інфармацыю:
«Падчас відэаканферэнцыі Міністэрства адукацыі парэкамендавала абмежаваць выезд студэнтаў з інтэрнатаў у сувязі з такой сітуацыяй. Зараз мы маем пастанову санстанцыі горада Баранавічы, якая таксама парэкамендавала абмежаваць выезд студэнтаў за межы Баранавіцкага раёна. Ні пра якое гвалтоўнае ўтрыманне гаворкі няма. Я думаю, што ўсе студэнты - дарослыя, і яны выдатна разумеюць сітуацыю. Тым больш у нас ёсць студэнты з небяспечных раёнаў. Пра выключэнне з Універсітэта гаворка дакладна не вядзецца».
Змест рэкамендацыі Belsat.eu ўдакладніў і галоўны лекар санстанцыі Баранавічаў Валянцін Аляксандравіч:
«Рэкамендацыя заключалася ў тым, каб яны не выязджалі ў іншыя рэгіёны з мэтай мінімізацыі распаўсюджвання інфекцыйных захворванняў, уключаючы каранавірусную інфекцыю. Рэкамендацыі ніадкуль не прыходзілі. Мы папросту ў прафілактычных мэтах прапрацавалі пытанне. Ніякіх канкрэтных рэкамендацый ад Міністэрства аховы здароўя не было. Мы параілі з улікам таго, што студэнты курсуюць - і маюць зносіны з іншымі людзьмі. Потым у выпадку ўзнікнення эпідэміялагічнай сітуацыі вельмі цяжка выяўляць кола кантактаў, таму мы рэкамендавалі па магчымасці максімальна знаходзіцца ў межах нашага рэгіёну», - кажа Валянцін Аляксандравіч.
У прэс-службе Міністэрства адукацыі паведамілі, што ніякіх рэкамендацый у ВНУ не накіроўвалі:
«Я думаю, гэта іх рашэнне», - сказала прэс-сакратарка Міністэрства адукацыі Людміла Высоцкая.