25 снежня 2024, Серада, 17:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Лідзе памёр 43-гадовы рэаніматолаг

35
У Лідзе памёр 43-гадовы рэаніматолаг

Апошнім часам лекар працаваў у рэанімацыі, дзе ляжаць пацыенты з COVID-19.

43-гадовы лекар Лідскай цэнтральнай раённай лякарні памёр у ноч з нядзелі на панядзелак. Як распавядае ягоны калега, усё здарылася на працы, мужчыну стала дрэнна, ён выйшаў. Калі не вярнуўся, калегі сталі яго шукаць - знайшлі нежывое цела. Апошнім часам лекар працаваў у рэанімацыі, дзе ляжаць пацыенты з COVID-19.

- Сёння ўначы ў нашай лякарні памёр лекар-рэаніматолаг, малады мужчына, 43 гады. Уначы падчас змены яму стала дрэнна, выйшаў, а калі калегі праз гадзіну сталі шукаць, знайшлі мёртвым у распранальні. Ён працаваў у рэанімацыі з COVID-19 па зменах: 6 гадзін адпрацаваў днём, потым столькі ж адпачываў і зноў вярнуўся ў аддзяленне, - распавядае tut.by супрацоўнік Лідскай цэнтральнай раённай лякарні, які захацеў застацца ананімным.

Са слоў нашага суразмоўцы, рэанімацыя, дзе ляжаць пацыенты з COVID-19, адкрылася 17 красавіка. Да гэтага хворыя з дыягназам «каранавірус» былі, але знаходзіліся ў іншым памяшканні. Колькі ўсяго пацыентаў з COVID-19, супрацоўнік клінікі не ведае. Гэтую інфармацыю не абнародуюць нават для лекараў.

- Ніхто не дае ніякай інфармацыі. Ведаю, у нас у паліклініцы быў пацыент, якога прымалі лекары і медсёстры, пазней у яго пацвердзіўся каранавірус. Ці адправілі медыцынскі персанал на карантын, не ведаю, усе маўчаць, таму цяжка судзіць, - прадаўжае супрацоўнік лякарні. - Інфекцыйнае аддзяленне запоўненае, было некалькі цяжкіх пацыентаў у рэанімацыі. Былі і тыя, хто ляжаў у тэрапіі, потым пацвярджаўся аналіз, і іх пераводзілі ў інфекцыйнае аддзяленне. Разумееце, у нас цяпер няма планёрак, няма ніякай інфармацыі, усе сядзяць у сваім аддзяленні, часам праз электронную пошту дасылаецца загад Міністэрства аховы здароўя.

Як адзначае супрацоўнік Лідскай цэнтральнай раённай лякарні, цалкам сродкамі індывідуальнай абароны ўкамплектаваныя пульманалогія і рэанімацыя з пацыентамі, у якіх пацверджаны COVID-19. Але ў іншых аддзяленнях, са слоў крыніцы, цалкам іншая сітуацыя:

- Напэўна, на складзе ўсё ёсць, у нас жа няма масак на кожны дзень, ходзім у марлевых. Пакуль у рэгіёне нічога не здарылася, гуманітарная дапамога не даязджае, як, напрыклад, у Менск, Віцебск, Гомель. Цяпер у нас ёсць марлевыя маскі, яшчэ выдалі ў выглядзе пракладак з сінтыпонам з ватовым пластом, іх надзяваем толькі ў рэанімацыю, а так працуем у марлевых масках, аднаразовых каўпаках. Пальчатак дастаткова, таксама надзяваем медыцынскі фартух і нарукаўнікі. Гаворка пра тое, што іншым аддзяленням не ўзмацнілі ахову, некаторыя сціраюць маскі і сушаць на батарэі.

Учора на сайце мясцовай лякарні з'явіліся спачуванні ў сувязі са смерцю лекара.

«Увесь калектыў установы аховы здароўя «Лідская цэнтральная раённая лякарня» смуткуе ў сувязі з раптоўнай смерцю лекара-рэаніматолага С., смерць якога наступіла ўначы, 2020.04.20 года, у інтэрнаце, створаным для часовага пражывання медыцынскіх работнікаў. Паводле папярэдняй інфармацыі прычынай смерці з'явілася вострая каранарная недастатковасць. Выказваем словы спачування блізкім і родным з нагоды вялікага гора, якое ў іх здарылася», - паведамляецца на сайце мясцовай лякарні.

- Лідскім раённым аддзелам СК па гэтым факце праводзіцца праверка, прызначаная судова-медыцынская экспэртыза. Усе абставіны здарэння высвятляюцца, - пракаментавала Іна Пазняк, афіцыйная прадстаўніца УСК Гарадзенскай вобласці.

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках