Сталы прадстаўнік Украіны паказаў АБСЕ расейскія пашпарты «прадстаўнікоў ЛДНР» у Менску
2- 21.05.2020, 21:01
- 22,517
Яўген Цымбалюк падкрэсліў, што гэтых людзей «прывялі да ўлады расейскія гарматы, найміты і грошы».
Пастаянны прадстаўнік Украіны пры міжнародных арганізацыях у Вене Яўген Цымбалюк прадэманстраваў сябрам Пастаяннай рады АБСЕ расейскія пашпарты «прадстаўнікоў ЛДНР», якія ўдзельнічаюць у працы трохбаковай кантактнай групы ў Менску на запрашэнне Расеі. Пра гэта паведамляе сайт прадстаўніцтва Украіны.
«На працягу шасці гадоў расейскі бок запрашае [сепаратыстаў] з АРДЛА для ўдзелу ў пасяджэннях кантактнай групы, у якую ўваходзяць Расея, Украіна і АБСЕ. [...] Аднак тыя, каго ўжо запрашае расейскі бок, не прадстаўляюць мясцовых жыхароў. Іх могуць прадстаўляць толькі мясцовыя ўлады, выбраныя на мясцовых выбарах, арганізаваных у адпаведнасці з Канстытуцыяй і законамі Украіны. Асобы, запрошаныя на кансультацыі ў ТКГ з Данецка і Луганска, маюць расейскія пашпарты (як унутраныя, так і для выезду за мяжу)», - паведаміў Цымбалюк.

ФОТА: VIENNA.MFA.GOV.UA
Ён падкрэсліў, што гэтых людзей «прывялі да ўлады расейскія гарматы, найміты і грошы».
Сталы прадстаўнік таксама прадэманстраваў сябрам Сталай рады АБСЕ скан-копіі пашпартоў Уладзіслава Дэйна, Наталлі Ніканоравай і Дзяніса Пушыліна, якія прадстаўлялі групоўкі «ЛДНР» у Менску.
Пра тое, што ў прадстаўнікоў сепаратыстаў ёсць расейскія пашпарты 15 траўня паведаміў віцэ-прэм'ер - міністр у пытаннях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторый Украіны Аляксей Рэзнікаў.
У 2014 годзе, адразу пасля анэксіі Крыма, Расея пачала ўзброеную агрэсію на ўсходзе Украіны. Баявыя дзеянні вядуцца паміж Узброенымі сіламі Украіны з аднаго боку і расейскім войскам і баевікамі, якіх падтрымлівае Расея, якія кантралююць частку Данецкай і Луганскай абласцей, з другога. Афіцыйна РФ не прызнае свайго ўварвання ва Украіну, нягледзячы на выстаўленыя Украінай факты і доказы.