10 лiстапада 2024, Нядзеля, 14:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Павел Севярынец ускрыў вены на знак пратэсту супраць катаванняў

83
Павел Севярынец ускрыў вены на знак пратэсту супраць катаванняў
ПАВЕЛ СЕВЯРЫНЕЦ
ФОТА: BELARUSPARTISAN.ORG

Пра гэта стала вядома падчас сённяшняга «суда» над палітыкам.

Адзін з лідараў апазіцыі Павал Севярынец падчас знаходжання ў турме ўскрыў сабе вены, пратэстуючы супраць катаванняў у дачыненні да палітвязняў. Пра гэта стала вядома падчас сённяшняга «суда» над палітыкам, паведамляе прэс-служба грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь».

«Я на судзе над Паўлам Севярынцам. Суд ідзе праз скайп. Павел заявіў, што знаходзіцца ў карцэры ІЧУ ў бесчалавечных умовах. Сказаў, што на знак пратэсту супраць катаванняў яго і іншых палітычных, якія знаходзяцца там жа, давялося ўскрыць вены», - напісаў Аляксей Шэін, сябар Паўла, які цяпер таксама знаходзіцца на судзе.

Разгляд чарговай адміністрацыйнага справы супраць Паўла Севярынца пачаўся аб 11:00 у судзе Фрунзенскага раёна Менска.

Палітыка ў суд не даставілі, разгляд справы праходзіць праз Skype-канферэнцыю. У пачатку пасяджэння Павел паказаў сваю руку, на якой былі прыкметныя парэзы.

«Я парэзаў руку на знак пратэсту. Мяне трымаюць у карцэры 10 дзён без вады і неабходных рэчаў!» - растлумачыў палітык.

Акрамя гэтага, Севярынец заявіў хадайніцтва аб вядзенні працэсу па-беларуску, а таксама адвод суддзі і сакратара, спасылаючыся на тое, што незалежнага суда не існуе і людзей судзяць незаконна, паведамляе сайт spring96.org.

Суд пайшоў на перапынак для прыняцця пастановы.

Пасля перапынку суддзя вынес пастанову аб тым, што не знаходзіць падставаў для адводу суда.

Павел Севярынец заявіў яшчэ адно хадайніцтва: каб вызваліць яго, бо ўмовы ўтрымання з'яўляюцца нечалавечымі.

«Магу адказваць на пытанні, калі буду на волі», - сказаў Павел Севярынец.

«Вы ўтрымліваецеся паводле іншай справы», - адмовіў суддзя.

«На Дана Мол (гандлёвы цэнтр у Менску, каля якога прайшоў фэйкавы «пікет для збору подпісаў за Лукашэнку» - заўв.) таксама былі сцягі і апаратура. Чаму іх не караюць? Чаму я сяджу ў карцэры, без вады, без шпацыраў, без асабістых рэчаў? За што гэта? Мне даюць дні, дні і дні», - абурыўся на судзе Павел Севярынец.

Ён падкрэсліў умовы свайго ўтрымання: ляжаць можна толькі з 22 да 6 гадзін, пакой 2 на 3 метра, вельмі холадна.

«Калі вы прызнаеце, што гэта законна, то значыць, што ўжо ніякіх выбараў няма», — заявіў палітык.

Павел Севярынец адзначыў, што 30 траўня на легальным пікеце для збору подпісаў яго ніхто не затрымліваў і ніхто не падыходзіў папярэдзіць. Нікога з супрацоўнікаў праваахоўных органаў у форме ён не бачыў.

«Прысутнічаць не легальным пікеце і выказваць сваё меркаванне - гэта законна — - адзначыў палітык. - Давайце пару тысяч чалавек, якія там стаялі, таксама пасадзім у карцэр! 9 мільёнаў чалавек хоча, каб ён сышоў, колькі можна!».

31 траўня ў Віцебску таксама пікеты былі легальнымі, падкрэсліў Павел.

«Былі кіламетровыя чэргі, людзі хацелі падпісацца (за альтэрнатыўных кандыдатаў - заўв.). Да мяне падыходзілі людзі, я даваў ім выказацца ў мікрафон. Вы мяркуеце, што палітвязні - гэта нармальна? - спытаў у суддзі Севярынец. - Вы таксама павінны далучацца і асвабадзіць палітычных вязняў».

«Сёмага чэрвеня мяне даставілі ў ЦІП. Восьмага чэрвеня мяне пасадзілі ў ІЧУ (ізалятар часовага ўтрымання правапарушальнікаў) у карцэр. Забралі зубную пасту і шчотку. Тут няма вады наогул, яна адключаная. Таму мне давялося рэзаць вены, пратэстуючы. Ніколі такога не было падчас арышту», — распавёў Павал Севярынец.

«З якой прычыны вы знаходзіцеся ў карцэры?» - удакладніла адвакат палітыка Таццяна Лішанкова.

«Спачатку мне сказалі, што гэта звычайная камера. Але я ж разумею, што знаходжуся ў карцэры, рэчы мае забралі, перадачы не перадаюць. Я дзейнічаў у рамках закона, а мяне кідаюць у карцэр. Дзякуй, што распачалі працэс на беларускай, першы крок зроблены. Вы як суддзя павінны адрэагаваць на тое, што адбываецца. Праваабаронцы і журналісты павінны рэагаваць на гэта», — адзначыў Севярынец.

Пасля перапынку на абед суд вынес пастанову пакараць Паўла Севярынца 15 днямі арышту.

На гэты момант Павел Севярынец адбывае 15-дзённы арышт, прысуджаны яму за знаходжанне 7 чэрвеня на легальным пікеце для збору подпісаў. Акрамя разгледжаных на сённяшнім судовым пасяджэнні двух пратаколаў (за ўдзел у легальных пікетах 30 і 31 траўня) на Паўла Севярынца складзены Савецкім РАУС яшчэ адзін пратакол.

ТЫЯ, ХТО ПРЫЙШОЎ НА СУДОВАЕ ПАСЯДЖЭННЕ ПАЎЛА СЕВЯРЫНЦА
ФОТА: SPRING96.ORG

Раней на гэтым тыдні пакараныя адміністрацыйным арыштам актывісты заяўлялі пра катаванні ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Лідар «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч распавёў журналістам, што ў зняволеных адбіраюць матрацы, забараняюць ляжаць, на падлогу камеры кожны дзень выліваюць вядро з хлёркай, прычым льюць на асабістыя рэчы.

Дзяніс Урбановіч таксама распавёў, што катаваннямі ў гэтыя дні кіравалі не міліцыянты, а невядомыя супрацоўнікі ў цывільным.

Са слоў Дзяніса Урбановіча, з Паўлам Севярынцам і іншымі палітычнымі актывістамі абыходзяцца асабліва жорстка. Паўла Севярынца білі па нагах, адабралі Біблію і змясцілі ў халодны карцэр.

Ахоўнікі і людзі ў цывільным збівалі таксама каардынатара «Еўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага, які абвясціў галадоўку.

Дзяніс Урбановіч таксама распавёў аб жорсткім абыходжанні з грамадскай актывісткай Вольгай Нікалайчык.

Напісаць каментар 83

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках