Лінас Каяла: Войска ЗША ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе ўмацоўваюць рэгіянальную бяспеку
1- 25.06.2020, 18:25
- 13,064
ФОТА: DELFI
ЕЗ - самы важны хаўруснік Вашынгтона.
У гутарцы з карэспандэнтам Charter97.org дырэктар літоўскага Цэнтра ўсходне-еўрапейскіх даследаванняў Лінас Каяла распавёў пра тое, чаго напраўду сваімі заявамі пра гісторыю можа дамагацца Уладзімір Пуцін.
- Як вы ацэньваеце артыкул пра прычыны пачатку Другой сусветнай вайны, апублікаваны прэзідэнтам Расейскай Федэрацыі Уладзімірам Пуціным у амерыканскім выданні The National Interest?
- У гэтым артыкуле няма нічога такога, чаго б мы не чулі ад Уладзіміра Пуціна. Другая сусветная вайна ўспрымаецца як аб'яднальны фактар для Расеі. Таму была выкарыстаная магчымасць юбілею, каб паўтарыць гэта яшчэ раз для міжнароднай аўдыторыі. Тэкст, вядома, незвычайны для кіраўніка дзяржавы з пункту гледжання формы, але ён, трэба прызнаць, выклікаў пэўную цікавасць.
- Заявы Пуціна азначаюць, што Расейская Федэрацыя гатова да новага вітка палітычнага канфлікту з Захадам ці гэта чарговая прапанова «новай Ялты»?
- Зараз галоўная мэта Расеі, верагодна, складаецца ў тым, каб захаваць свае пазіцыі і ўсталяваць уплыў у найбольш важных рэгіёнах, такіх як усходняя Украіна. Апошнія гады паказалі, што нават гэта зрабіць нялёгка. Улічваючы пандэмію, далікатную расейскую эканоміку, усё яшчэ дзейсныя санкцыі, працэс адаптацыі палітычнай сістэмы да канстытуцыйных змен, унутраная палітыка можа стаць прыярытэтам Масквы на некаторы час.
- Некаторыя экспэрты кажуць, што Еўропа перастала цікавіць ЗША. Ці так гэта?
- На працягу некаторага часу ЗША падкрэслівалі, што Еўропа павінна ўзяць на сябе больш адказнасці за сваю ўласную бяспеку. Не таму, што Еўропа не цікавіць ЗША, бо Еўропа - самы важны хаўруснік Вашынгтона, нават калі стасункі паміж імі не заўсёды цудоўныя.
У Вашынгтоне вядуцца пастаянныя дэбаты аб тым, што ЗША павінны пазбягаць «перанапружання», гэта значыць празмернага размеркавання энэргіі і намаганняў ва ўсім свеце. Улічваючы рост Кітаю і іншыя пагрозы, амерыканцы хацелі б, каб стабільная і квітнеючая Еўропа не патрабавала вялікіх выдаткаў.
- Калі Польшча зможа дамовіцца наконт размяшчэння на сваёй тэрыторыі большай колькасці амерыканскіх вайскоўцаў, як гэта зменіць геапалітычную сітуацыю ў нашым рэгіёне? Ці трэба літоўскаму ўраду пераймаць прыклад Варшавы і дамагацца пастаяннай прысутнасці амерыканскіх войскаў у Літве?
- Разгортванне амерыканскіх войскаў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе умацоўвае рэгіянальную бяспеку і прынцып стрымлівання NATO. Вядома, важна, каб гэтыя крокі не сталі крыніцай супрацьстаяння з Нямеччынай. Магчымасці Літвы дамагчыся размяшчэння шматлікіх амерыканскіх войскаў абмежаваныя (праз памер краіны, інфраструктуры), з гэтай праблемай сутыкаецца нават Польшча. Але знаходзячыся ў Польшчы амерыканскія салдаты могуць лёгка перамясціцца ў Літву, арганізаваць з літоўскімі вайскоўцамі яшчэ больш сумесных вучэнняў.