Супраць Мікалая Статкевіча распачатая крымінальная справа
71- 29.06.2020, 19:41
- 108,583
Падтрымаем беларускага героя!
Лідар Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу і партыі «Народная Грамада» Мікалай Статкевіч адбыў 30 дзён адміністрацыйнага арышту і павінен быў выйсці на волю ўжо заўтра.
Аднак, як паведаміла сайту Charter97.org жонка палітыка Марына Адамовіч, гадзіну таму ёй патэлефанавалі са Следчага камітэта Беларусі і паведамілі, што супраць палітыка распачатая крымінальная справа паводле ч.1 арт.342 КК РБ (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Ён пераведзены з цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна (ЦІП) у ізалятар часова ўтрымання (ІЧУ) на Акрэсціна.
Цяпер жонка палітыка займаецца пошукам адваката для Мікалая Статкевіча.
Лідар беларускай апазіцыі Статкевіч правёў больш за 8 гадоў у турмах, калоніях, установах абмежавання волі («хімія»).
Звар'яцелы «Саша тры працэнты» (Лукашэнка А.Г.) кінуў у турмы асноўных сваіх палітычных апанентаў Мікалая Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку, Паўла Севярынца, сябраў ініцыятыўных груп кандыдатаў у прэзідэнты Святланы Ціханоўскай і Віктара Бабарыкі, а таксама большасць самых папулярных беларускіх блогераў.
Акцыі салідарнасці з арыштаванымі лідарамі Беларусі прайшлі ва ўсім свеце. Беларусы дыяспары патрабуюць ад урадаў краін, у якіх яны знаходзяцца, неадкладнага ўвядзення санкцый супраць Лукашэнкі і іншых злачынцаў беларускага рэжыму.