19 сакавiка 2024, aўторак, 14:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Я ўсёй душой падтрымліваю беларускіх жанчын у белым

40
Я ўсёй душой падтрымліваю беларускіх жанчын у белым
Наталля Радзіна

Выхад з супрацьстаяння павінен быць мірным.

Галоўная рэдактарка Charter97.org Наталля Радзіна напісала нa сваёй старонцы ў Фэйсбуку:

- Прызнаюся, я заплакала, калі ўбачыла ўчора беларускіх жанчын у белым адзенні з кветкамі на вуліцах Менска і іншых беларускіх гарадоў. Бо здавалася, што пасля апошніх страшных начэй ніякага бяскроўнага пераходу да свабоды і дэмакратыі ўжо не будзе, мы пераможам, але толькі праз «кроў, пот і слёзы», што ў краіне ўспыхнула грамадзянская вайна.

Так, мы ў пераважнай большасці. Але мы бяззбройныя супраць бяздушных узброеных робатаў. І вось гэтыя жанчыны ўсё змянілі, яны спынілі супрацьстаянне, якое здавалася ўжо такім непазбежным. З іх узялі прыклад тысячы і тысячы жанчын і мужчын ва ўсёй краіне.

Узрушыў выпадак у Гародні: жанчыны змаглі разняць маладзёнаў-пратэстоўцаў, якія біліся з міліцыяй, і моладзь хацела жорсткім спосабам адбіць свайго таварыша. Затрыманага вызвалілі, але і канфлікт быў вычарпаны.

Мяне ўзрушыла відэа з Менска, калі наша легендарная 73-гадовая актывістка Ніна Багінская прайшла скрозь шэрагі велізарных спецназаўцаў у чорным з забароненым бел-чырвона-белым сцягам. І адзін з іх нечакана нават для сябе падтрымаў яе за руку, каб яна не ўпала.

Без мужнасці беларусаў, найперш моладзі, дыктатура б не спынілася. Аднак менавіта жанчыны, няхай на адзін дзень, змаглі спыніць супрацьстаянне. «Шчаслівыя міратворцы, бо яны сынамі Божымі назавуцца». А ў Беларусі менавіта дочкі ў белым адзенні паднялі аліўкавую галінку міру. У гэты ж дзень кіраўнікі двух асноўных беларускіх цэркваў звярнуліся да ўсіх беларусаў з заклікам да дыялогу.

Дарагія беларусы, давайце падтрымаем добрую ініцыятыву жанчын і выйдзем сёння на вуліцы беларускіх гарадоў ва ўсялякую часіну, якую яны назавуць. Я ўсёй душой падтрымліваю сваіх беларускіх сясцёр і веру ў найлепшую будучыню нашай краіны.

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках