8 жнiўня 2020, Субота, 21:12
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Святлана Ціханоўская правяла самы масавы мітынг у гісторыі Берасця (Онлайн, відэа)

51
Святлана Ціханоўская правяла самы масавы мітынг у гісторыі Берасця (Онлайн, відэа)
Фото:Васькапилот

(Абноўлена) У парку імя Воінаў-інтэрнацыяналістаў сабралася больш за 20 тысяч чалавек.

Кандыдатка ў прэзідэнты Святлана Ціханоўская з прадстаўнікамі штаба Марыяй Калеснікавай і Веранікай Цапкалай правялі агітацыйны мітынг у Берасці.

Самы масавы мітынг у гісторыі горада прайшоў у парку імя воінаў-інтэрнацыяналістаў (вул. Маскоўская) і сабраў больш за 20 тысяч чалавек.

16.30 Онлайн-трансляцыя скончаная. Дзякуй, што былі з намі! Берасце, вы-супер! Жыве Беларусь!

16.28 Каманда Святланы Ціханоўскай анансавала 6 жніўня вялікі мітынг у парку дружбы народаў у Менску. Пачатак а 17.00.

16.25 Мітынг стаў самым масавым за ўсю гісторыю Берасця, на ім сабралася больш за 20 тысяч чалавек.

16.24 Святлана Ціханоўская са штабам накіроўваюцца да аўтамабіля. Людзі стварылі жывы калідор, захоплена скандуюць «Света! Света! Света!».

16.20 людзі разам з кандыдаткай у прэзідэнты і штабам скандуюць «Верым! Можам! Пераможам!».

16.17 Гучыць беларускі варыянт гімна Ave Maria.

16.15 На мітынгу ў Берасці выступаюць піяніст-віртуоз Канстанцін Гарачаў і знакамітая оперная спявачка Маргарыта Ляўчук. «Дабро пераможа зло, Бог пачуе нашы малітвы», - кажа Маргарыта Ляўчук.

16.13 Паглядзіце, якая неймаверная атмасфера на мітынгу ў Берасці!

16.10 Фантастычнае відовішча! На мітынгу ў Берасці больш за 20 тысяч чалавек, якія зычаць пераменаў.

16.09 Узрушаючае відэа 20-тысячнага мітынгу ў Берасці з дрона.

16.08 Гучыць песня «Муры абрынуцца».

16.07 «У гісторыі Беларусі будзе новы раздзел: у жніўні 2020-га. Калі вашы ўнукі спытаюць вас, што вы рабілі, вы скажаце: мы былі за Свету. Сябры, я ўпэўненая: 10 жніўня мы нальём у куфлі лікёры, шампанскае або іншы напой, паглядзім на сонца - і ўбачым святло», - кажа Вераніка Цапкала. Людзі скандуюць «Света! Света! Света!».

15.57 «Лукашэнка баіцца ўсіх моцных людзей», - кажа Вераніка Цапкала. Людзі скандуюць «Верым! Можам! Пераможам!».

15.56 Паглядзіце, якое неагляднае мора людзей сабралася ў Берасці!

15.55 Выступае Вераніка Цапкала. Людзі сустракаюць яе воплескамі і скандуюць «Вераніка! Вераніка! Вераніка!».

15.53 Людзі скандуюць разам з Марыяй Калеснікавай: «Дзяўбці! Дзяўбці! Дзяўбці гэтую ўладу!».

15.47 У парку імя Воінаў-інтэрнацыяналістаў у Берасці сабралася ўжо больш за 15 тысяч чалавек. Людзі прыбываюць.

15.45 «Разам мы пакладзем канец спектаклю, які ўлада называе выбарамі. Няхай выбары 9 жніўня будуць апошнімі фальшывымі выбарамі ў гісторыі Беларусі!»,- кажа Марыя Калеснікава. Людзі радуюцца.

15.44 Паглядзіце, якое мора людзей вітала Святлану Ціханоўскую на сцэне.

15.43 У Берасці напал эмоцый!

15.42 Выступае Марыя Калеснікава. Людзі сустракаюць яе воплескамі і крыкамі «Маша! Маша! Маша!».

15.38 Святлана павіншавала дэсантнікаў з днём ПДВ. «Вы кажаце: ёсць дэсантныя войскі і для іх няма задач невыканальных. Дык вось: перад народам Беларусі стаіць адна задача - і мы яе выканаем», - кажа кандыдатка ў прэзідэнты. Людзі скандуюць «Верым! Можам! Пераможам!» і «Света! Света! Света!».

15.33 «Сяргей Ціханоўскі заўсёды казаў: Берасце - гэта мае людзі, Берасце - гэта сіла! Ён заўсёды быў у шоку і захапленні пасля сустрэчы з берасцейцамі. Сяргей у турме, а разам з ім два годныя чалавекі з Берасця, Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін. Кабанаў адыграў вялікую ролю ў тым, каб я не здалася, калі арыштавалі Сяргея. Ён размаўляў са мной гадзінамі праз тэлефон і казаў: Света, мы гадамі не здаемся, і ты не здасіся! І таму я не здалася. Дзякуй табе, Аляксандр Кабанаў!»,- кажа Ціханоўская. Людзі скандуюць «Верым, можам, пераможам!».

15.30 Пачатак выступу Святланы Ціханоўскай тоне ў гучных воплесках. «Апошнія 2 гады вы былі прыкладам для ўсёй краіны. Вы, простыя грамадзяне, сталі на абарону сваіх дзяцей і сем'яў ад акумулятарнага завода. На вас усе глядзелі з надзеяй. Дзякуй вам за гэта!»,- кажа Святлана. Людзі пляскаюць у ладкі.

15.29 Вядоўца абмовіўся і назваў Святлану прэзідэнтам. Людзі радуюцца.

15.28 Святлана Ціханоўская і штаб ужо на сцэне! Людзі сустракаюць іх гучнымі воплескамі і скандаваннем «Света! Света! Света!». Авацыі не змаўкаюць некалькі хвілін.

15.27 Нягледзячы на правакацыю і парэзанае кола ў аўтамабілі, Святлана Ціханоўская з камандай прыбылі на мітынг у Берасце. Людзі сустракаюць іх захопленымі авацыямі.

15.24 Штаб Святланы Ціханоўскай паведаміў, што супраць іх хутчэй за ўсё ўчыненая правакацыя па дарозе ў Берасце: у аўто парэзанае кола, яна далей ехаць не зможа.

15.20 «Любім, можам, пераможам!»: на мітынг прыйшлі самыя розныя людзі, аб'яднаныя адной ідэяй. ФОТАПАДБОРКА «РАДЫЁ СВАБОДА».

Фотa: «Радыё Свабода»
Фотa: «Радыё Свабода»
Фотa: «Радыё Свабода»
Фотa: «Радыё Свабода»

15.17 «Сістэма ўжо ўсё. Канец ёй. Пара яе мяняць. Таму я за Ціханаўскую. Яна абяцае свабодныя выбары праз паўгода. На іх я буду за Бабарыку галасаваць. А цяпер хай Святлана зломіць гэтую сістэму», - кажа жыхар Берасця.

15.15 У чаканні Святланы Ціханоўскай людзі скандуюць «Жыве Беларусь!». Настрой святочны.

15.13 На мітынгу ў Берасці вельмі шмат дэсантнікаў. ПДВ - за перамены!

15.12 На мітынг прыйшоў беларускі музыка Ісая.

15.10 Шмат хто прыйшоў на мітынг з дзецьмі. Атмасфера вельмі душэўная.

15.07 У Берасці мора людзей!

15.04 Берасце за свабоду! «Белсат» апублікаваў падборку яскравых фота з мітынгу.

15.02 Атмасфера ўзрушаючая! Людзей на пляцоўцы перад сцэнай і сярод дрэў настолькі шмат, што іх цяжка нават падлічыць.

14.57 Берасцейка Вольга прыйшла на мітынг з падарункам для Святланы - рэпрадукцыяй карціны «Ева», якую напісаў яе 12-гадовы сын Мацвей. «Намаляваў за 2,5 гадзіны. Мы вывучалі партрэт і я яму прапанавала паспрабаваць адлюстраваць такі вобраз», - распавяла яна.

14.51 «Радуе, што так шмат людзей прыйшло! Сярод вайскоўцаў шмат такіх, хто не падтрымлівае рэжым і хоча пераменаў. Я бачыў шмат таварышаў па службе, вельмі многія хочуць змены ўлады. Настрой бадзёры. Яшчэ нават не прыехала Святлана на мітынг, а адчуваецца, як народ яе падтрымлівае», - кажа дэсантнік з 38-й брыгады, які прыйшоў на мітынг з бел-чырвона-белым сцягам.

14.46 Са сцэны гучыць культавая песня «Я нарадзіўся тут».

14.45 Гэта ўжо не людская рака, а сапраўднае людскае мора!

14.30 «Адчуванне, што сюды плыве мора людзей», - кажа жыхарка Берасця.

14.27 Тысячы і тысячы людзей прадаўжаюць ісці на мітынг. Атмасфера ўзрушаючая!

14.24 Людская рака прадаўжае сцякацца ў парк на мітынг! Відэа ад «Нашай Нівы».

14.20 «Захоплены гэтым мітынгам. Берасце парве ўсіх», - кажа ўдзельнік акцыі.

14.18 Чалавечая плынь не спыняецца! Вядоўца мітынгу заклікае пабіць рэкорд масавай акцыі ў Менску, дзе ў Парк дружбы народаў прыйшло 70 тысяч чалавек.

14.17 На мітынгу ўжо сабралася не менш за 8 тысяч чалавек.

14.12 На мітынгу шмат дэсантнікаў. «Я прыйшоў сюды дзеля сваіх дзяцей, хачу пераменаў. Мы настроеныя пазітыўна: пераможам толькі разам. Маё асяроддзе думае так жа, як і я», - кажа дэсантнік з 38-й Берасцейскай брыгады.

14.10 «Калі я прыйшоў сюды - я, шчыра кажучы, здзівіўся. Столькі людзей ніколі не збіралася разам у Берасці! На самы найлепшы футбол столькі не прыходзіла», - кажа берасцеец. Настрой у людзей пазітыўны і баявы.

14.07 Каля некалькіх пунктаў пропуску вялізныя чэргі з людзей.

14.05 На мітынгу выступае папулярны гурт «Разбітае сэрца пацана».

14.03 Удзельнік мітынгу кажа, што людзей утрая больш, чым было на першым пікеце, без удзелу Святланы Ціханоўскай. Нагадаем, тады выйшла 5 тысяч чалавек. Людзі прадаўжаюць прыбываць у парк.

13.57 Пляцоўка перад сцэнай цалкам запоўненая людзьмі, у парку ўжо некалькі тысяч чалавек.

13.50 Яшчэ да пачатку мітынгу ў парку сабралася больш за тысячу чалавек.

13.30 Велізарная колькасць берасцейцаў ужо падцягваецца на мітынг Святланы Ціханоўскай. У Берасці сёння будзе горача ва ўсіх сэнсах.