25 лютага 2021, Чацвер, 5:02
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

«У яго праламаны чэрап»: лекар Сарокін расказаў падрабязнасці пра забойства лукашыстамі Рамана Бандарэнкі

33
«У яго праламаны чэрап»: лекар Сарокін расказаў падрабязнасці пра забойства лукашыстамі Рамана Бандарэнкі
Арцём Сарокін

Медык-анестэзіёлаг лякарні хуткай дапамогі паведаміў дэталі сваёй маці, калі вярнуўся з дзяжурства.

Лекар-анестэзіёлаг Менскай лякарні хуткай дапамогі Арцём Сарокін ужо тры месяцы знаходзіцца ў зняволенні за тое, што распавёў пра дыягназ забітага пратэстоўца Рамана Бандарэнкі. Ягоныя бацькі распавялі падрабязнасці справы «Народнай Волі».

Маці Арцёма Сарокіна Галіна распавяла, што сын пасля аперацыі 12 лістапада прыехаў да бацькоў і расказаў ім, што ў лякарню прывезлі моцна збітага чалавека - Рамана Бандарэнку.

«Стаў каля парога, гляджу - у яго ў вачах слёзы. І расказвае: «Мама, сёння быў такі жудасны выпадак! Да нас паступіў збіты хлопец. У яго праламаны чэрап, у рану выступіў ацёчны мозг. Сам таксама ўвесь збіты. І мы ўсю ноч працавалі над тым, каб заправіць гэты мозг хоць бы пад скуру. Але шанцаў выжыць у яго няма», - распавяла «Народнай Волі» жанчына.

Яна мяркуе, што ўладам не спадабалася, што ў апублікаваным пратаколе было напісана, што ў крыві Рамана Бандарэнкі не было алкаголю.

«Гэта, напэўна, і сталася сігналам для сілавікоў, каб давесці: забіты Рома Бандарэнка быў п'яны. Насуперак аналізам і пратаколу», - мяркуе яна.

Жанчына, якая сама з'яўляецца медыкам, пракаментавала і афіцыйную версію пра тое, што алкаголь знойдзены ў мачы забітага.

«Але этанол у мачы кажа аб мінулым часе. То бок, калі ты, скажам, месяц назад піў віно, то ў мачы ў цябе маглі застацца сляды этанолу. Цвярозы ты ці не ў гэты момант, можа паказаць толькі аналіз крыві. А ў крыві ў Рамана Бандарэнкі на момант паступлення ў лякарню быў нуль праміле алкаголю», - падкрэсліла яна.

Галіна Сарокіна паведаміла, што яе сына затрымалі на працы 18 лістапада, а потым прыйшлі з ператрусам дадому. Сведка, з яе слоў, быў у кайданках і з сінякамі пад вачыма, магчыма, валацуга.

«З дому забралі кампутарную тэхніку, электронныя носьбіты, фотаапарат, дзве электронныя кнігі, тэлефон Наташы [жонкі Арцёма. - Рэд.], нават бланкі рэцэптаў і 50 даляраў, якія знайшлі. Наташа пытаецца: «А навошта грошы забіраеце? У мяне ж трое дзяцей, мне як жыць». У адказ кінулі: «Пражывеш», - паведаміла маці затрыманага лекара.

Пра відэа з раскаяннем сына бацькі заявілі, што яго маглі шантажаваць сям'ёй. Таксама яму абяцалі хуткае вызваленне, але «калі з Арцёма ў СІЗА КДБ узялі прызнальныя паказанні, то яго перавялі ў следчы ізалятар на Валадарскага, а пра ўсе абяцанні забыліся». Не згодныя бацькі і з кваліфікацыяй дзеянняў сына следствам.

Лекар Менскай лякарні хуткай медыцынскай дапамогі Арцём Сарокін і журналістка tut.by Кацярына Барысевіч былі затрыманыя за тое, што апублікавалі дакументы з аналізамі Рамана Бандарэнкі, якога выкралі з плошчы Перамен 11 лістапада і збілі да смерці.

Паводле дакументаў, у крыві Рамана не было слядоў алкаголю. Але Следчы камітэт і Аляксандр Лукашэнка сцвярджаюць, што ён быў п'яным.

Крымінальнай справы за забойства Рамана Бандарэнкі дагэтуль не распачалі. Грамадскасць падазрае ў датычнасці да забойства старшыню Федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрыя Баскава і ягонага сябра Дзмітрыя Шакуту.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».