Выведка ЗША назвала магчымыя тэрміны ўварванні РФ ва Украіну
17- 21.11.2021, 10:11
- 20,468
Многае залежыць ад надвор'я і пазіцыі краінаў Захаду.
Амерыканская выведка папярэдзіла еўрапейскіх хаўруснікаў пра рост пагрозы расейскага ўварвання ва Украіну з надыходам халадоў, паведаміў тэлеканал СВS.
"Уварванне залежыць ад надвор'я, але можа адбыцца цягам некалькіх тыдняў, калі не будзе ўмяшання з боку Захаду", – паведамілі CBS інфармаваныя крыніцы з ліку афіцыйных асобаў.
Крыніцы адзначаюць, што нарошчванне РФ войскаў на мяжы з Украінай, якое мае месца ў апошні час, перавышае папярэднія аналагічныя дзеянні расейскіх уладаў.
"У адрозненне ад нарошчвання сілаў мінулай вясной, якое было расцэненае як дэманстрацыя сілы, супрацоўнікі выведкі ЗША папярэджваюць, што цяперашняе можа быць падрыхтоўкай да фактычнага ўварвання на Данбас на Усходзе Украіны", – гаворыцца ў паведамленні.
Тэлеканал нагадвае, што генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг заявіў у пятніцу, што альянс уважліва сочыць за "вялікай і незвычайнай канцэнтрацыяй расейскіх войскаў" паблізу мяжы з Украінай. Паводле вынікаў сустрэчы з канцлеркай Нямеччыны Ангелай Меркель ён заявіў, што вельмі важна, каб Расея "прадэманстравала празрыстасць датычна гэтага ваеннага нарошчвання, дээскалацыі і зніжэння напружанасці".