У Беларусі рэкордна зменшылася колькасць банкаўскіх картак
4- 21.11.2021, 10:18
- 18,162
Чым гэта выклікана?
У Беларусі назіраецца рэкорднае змяншэнне колькасці банкаўскіх картак. Іх колькасць скарачаецца ўсе тры кварталы гэтага года. І калі за тры апошнія кварталы 2020-га іх стала менш на 41,3 тысячы штук, то за тры кварталы гэтага года – на 237,6 тысячы штук. Гэта значыць, скарачэнне павялічылася амаль у 6 разоў.
Такога негатыўнага перыяду ў дынаміцы колькасці банкаўскіх картак у насельніцтва яшчэ ў Беларусі не было ў часе і агульным іх скарачэнні, адзначае InfoBank.
На канец III квартала 2021-га банкаўскіх плацежных картак фізічных асобаў у Беларусі – 15,249 мільёна штук. Гэта 1,6 карты ў сярэднім на 1 чалавека.
Рэкордная колькасць была ў канцы I квартала 2020-га: 15,554 мільёна штук. За 1,5 гады, такім чынам, іх стала менш на 305 тысячаў штук (-2%).
На першы погляд, гэта вынік насычэння: прырост упёрся ў натуральную «столь» – у колькасць насельніцтва краіны, і такога прыросту, як раней, быць ужо не можа.
Аднак падобная сітуацыя была ў 2015–2017 гадах у перыяд крызісу з дэвальвацыямі, падзеннем рэальных прыбыткаў, узроўню жыцця: тады таксама рост колькасці картак рэзка запаволіўся. Але калі крызіс скончыўся – прырост прадоўжыўся (2018–2019 гг.), нягледзячы на тое, што ўжо і тады колькасць картак перавышала колькасць насельніцтва краіны.
Гэтым разам дадатковым чыннікам стала вельмі негатыўная – найгоршая з 90-х гадоў (а, магчыма, і з часоў вайны) дэмаграфічная сітуацыя: самога насельніцтва ў Беларусі становіцца ўсё менш. Афіцыйная статыстыка з пачатку рэзкага росту смяротнасці ў ковід-пандэмію перастала публікаваць звесткі пра натуральны прырост насельніцтва. Але калі паглядзець на статыстыку Расеі і Украіны, дзе смяротнасць і натуральнае змяншэнне насельніцтва – найбольшае з часоў вайны 1939–1945 гадоў, – складана памыліцца ў здагадцы таго, што тое самае – і ў Беларусі.
Як вядома, ковід найбольш небяспечны для людзей старога веку: вірус, акрамя таго, што сам сабой небяспечны, правакуе яшчэ і развіццё хранічных і застарэлых захворванняў. У выніку чаго мы бачым скарачэнне колькасці пенсіянераў у Беларусі – якой яшчэ ў краіне не было (хоць паўплывала на гэта яшчэ і павышэнне ўзросту выхаду на пенсію).
Акрамя таго, дасягнула вялікіх маштабаў эміграцыя з Беларусі. І ўсё гэта разам якраз і прывяло да наймацнейшага дэмаграфічнага краху: саміх беларусаў становіцца ўсё менш.
Такім чынам, ланцуг крызісаў у Беларусі, які доўжыцца ўжо 1,5 года, пераходзячы з аднаго стану ў іншы, прыкметна пагоршыў фінансавы стан краіны і хатніх гаспадарак, плюс наймацнейшае дэмаграфічнае падзенне – і прывялі да таго, што колькасць банкаўскіх картаў у насельніцтва ў гэтыя 1,5 гады становіцца ўсё меншай з кожным кварталам.
Цікава, што да гэтага часу яшчэ вельмі многія людзі здымаюць гатоўку з рахунку. Напрыклад, у 2006–2007 гг. больш за 90% усіх аперацый з выкарыстаннем картак – гэта было зняцце гатовых грошай, а для аплаты тавараў (працаў, паслуг) карткі выкарыстоўваліся менш чым у 10% выпадкаў (у грашовым аб'ёме аперацый). Але з году ў год удзельная вага плацежных аперацый павялічвалася, і ў 2018 годзе іх аб'ём перасягнуў аб'ём аперацый зняцця гатоўкі. Тым не менш цяпер для зняцця гатоўкі картку выкарыстоўваюць у 37,1% усіх аперацый, а для аплаты – у 62,9% выпадкаў.
Але ў III квартале 2021-га аб'ём аперацый з выкарыстаннем банкаўскіх плацежных картаў раптам рэзка скараціўся, склаўшы 23,665 мільярда рублёў, намінальнае падзенне – дарэчы, мацнейшае за 5 гадоў – склала 5,45% да папярэдняга квартала (было 25,03 мільярда рублёў).
Саміх беларусаў стала значна менш, адпаведна, зменшылася колькасць банкаўскіх картак і аб'ём аперацый з імі.