Стратэгічны компас: сталі вядомы дэталі новага абароннага плана ЕЗ
- 21.11.2021, 10:41
- 4,788
Дакумент прадугледжвае стварэнне групаў хуткага рэагавання.
На гэтым тыдні краінам-сяброўкам Еўразвязу быў прапанаваны Стратэгічны компас бяспекі і абароны – невыразны план, у якім акрэсленыя дзеянні для ўнутранай бяспекі блока.
Адпаведны дакумент трапіў у распараджэнне CNN.
Ён прадугледжвае механізм, які тлумачыць, як можна каардынаваць дзеянні паміж краінамі – чальцамі ЕЗ у выпадку задзейнічання супольных узброеных сілаў. Ключавая прапанова – магчымасць для блока разгарнуць да 5 тысячаў вайскоўцаў, каб супрацьстаяць шматлікім патэнцыйным крызісам.
Такія групы хуткага рэагавання будуць прадстаўленыя вайскоўцамі з усіх краінаў ЕЗ, а не сталым войскам, якія падпарадкоўваюцца Брусэлю. Іхнія задачы будуць вар'іравацца ад місій эвакуацыі да міратворчых або гуманітарных місій, напрыклад на межах.
Удзельнічаць у такой ініцыятыве будуць абавязаныя не ўсе 27 краінаў ЕЗ. Аднак разгортванне вайскоўцаў ад імя Еўразвязу запатрабуе ўхвалення ўсіх чальцоў блока. Дэталі працы такога механізму яшчэ не пацверджаныя.
Таксама ў дакуменце гаворыцца пра агульны падыход да абаронных закупак, даследаванняў і выведкі – гэта можа зрабіць Еўразвяз больш эфектыўным і канкурэнтаздольным.
Каб удакладніць дэталі, CNN паразмаўляў з больш чым 20 еўрапейскімі чыноўнікамі, дыпламатамі і палітыкамі з розных краінаў-чальцоў ЕЗ. Увогуле ўсе згаджаюцца з ключавой тэзай: для таго каб Еўропа была ў бяспецы, трэба дзейнічаць.
У той самы час Польшча, Эстонія і Літва падтрымліваюць гэты план, але толькі пры ўмове, што ў ім акрэсляць канкрэтную пагрозу, за якую яны ўважаюць Расею і ў меншай ступені – Кітай. Праз РФ занепакоеныя і скандынаўскія краіны, на думку прадстаўнікоў якіх, яны церпяць "рэальную небяспеку з боку Расеі".
Нягледзячы на тое, што ў дакуменце гаворыцца пра пагаршэнне стасункаў ЕЗ з Масквой, там указана, што "агульныя інтарэсы і агульная культура фактычна звязваюць ЕЗ і Расею" і "Еўропа ўсё роўна будзе ўзаемадзейнічаць з РФ у некаторых пэўных пытаннях, у якіх ёсць агульныя прыярытэты".
Прэзентацыя абароннай стратэгіі прайшла на фоне міграцыйнага крызісу на польска-беларускай мяжы. Беларускі рэжым са жніўня арганізавана звозіць бежанцаў на польскую мяжу; з наплывам бежанцаў таксама сутыкнуліся Літва і Латвія.