12 студзеня 2026, панядзелак, 4:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МЗС Польшчы: Польская дыпламатыя блакуе шляхі дастаўкі мігрантаў у Беларусь

МЗС Польшчы: Польская дыпламатыя блакуе шляхі дастаўкі мігрантаў у Беларусь

Атрымалася закрыць частку міграцыйных шляхоў.

Намеснік міністра замежных справаў Польшчы Павел Яблоньскі ў інтэрв'ю тэлеканалу TVP Info сказаў, што польская дыпламатыя імкнецца заблакаваць шляхі наплыву мігрантаў у Беларусь, паведамляе "Польскае радыё".

Намеснік кіраўніка знешнепалітычнай установы падкрэсліў, што, хоць атрымалася закрыць частку міграцыйных шляхоў, беларускія ўлады шукаюць новыя. Павел Яблоньскі паведаміў пра свой візіт у Катар, дзе ён разам з Якубам Кумохам, які ўзначальвае Бюро міжнароднай палітыкі Канцылярыі Прэзідэнта РП, правядзе адпаведныя перамовы.

"Мы сёння маем справу з катэгарычнай, аднадушнай падтрымкай польскіх намаганняў з боку ўсіх урадаў Еўрапейскага Звязу", – сказаў Павел Яблоньскі. Намеснік міністра дадаў, што ўчора на паседжанні Рады ЕЗ у замежных справах абмяркоўваліся захады для супрацьстаяння прычынам і крыніцам міграцыі. Паводле словаў Паўла Яблоньскага, падчас размоваў у кулуарах ад усіх суразмоўцаў ён чуў запэўненні ў падтрымцы польскіх старанняў і падзяку за тое, што Польшча абараняе ўсходнія межы ЕЗ.

Намеснік кіраўніка МЗС РП таксама паведаміў, што польскі ўрад быў папярэджаны пра тэлефонную размову канцлеркі Нямеччыны Ангелы Меркель з Аляксандрам Лукашэнкам. Павел Яблоньскі падкрэсліў, што польскі бок не ўхваляе перамоваў з дыктатарам. Пры гэтым дадаў, што, нягледзячы на тое, што асобныя крокі можна ацэньваць па-рознаму, партнёры Польшчы, асабліва ЕЗ і NATO, робяць вельмі шмат для заканчэння міграцыйнага крызісу.

"Гэта магутны сігнал, якую вялікую падтрымку атрымлівае Польшча", – сказаў намеснік міністра замежных справаў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках