Кітай панізіў праз Тайвань узровень дыпламатычных стасункаў з Літвой.
4- 21.11.2021, 14:48
- 2,442
Пекін адрэагаваў на адкрыццё прадстаўніцтва Тайваня ў Вільні.
У сувязі з адкрыццём у Вільні афіцыйнага прадстаўніцтва Тайваня Кітай прыняў пастанову панізіць дыпламатычныя стасункі з Літвой да ўзроўню паверанага ў справах, паведамляе dw.com.
"Мы заклікаем літоўскі бок неадкладна выправіць сваю памылку і не недаацэньваць цвёрдую настойлівасць, волю і здольнасць кітайскага народа абараняць нацыянальны суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць", – гаворыцца ў заяве, апублікаванай МЗС Кітая ў нядзелю, 21 лістапада.
У Пекіне падкрэслілі, што, даўшы згоду на адкрыццё прадстаўніцтва Тайваня, Вільня парушыла ўзятыя на сябе палітычныя абавязальніцтвы, замацаваныя ў камюніке пра ўстанаўленне дыпламатычных стасункаў паміж дзвюма краінамі, што з'яўляецца падрывам суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Кітая, а таксама грубым умяшаннем у ягоныя ўнутраныя справы.
"У свеце ёсць толькі адзін Кітай, а ўрад КНР з'яўляецца адзіным законным урадам Кітая, прынцып аднаго Кітая, у сваю чаргу, з'яўляецца ўсеагульным кансэнсусам міжнароднай супольнасці і паўсюдна прызнанай нормай міжнародных стасункаў, а таксама палітычнай асновай развіцця двухбаковых стасункаў Кітая і Літвы", – паказваецца ў дакуменце.
Прадстаўніцтва Тайваня ў Літве адкрылася ў Вільні 18 лістапада. У жніўні Кітай, пасля таго, як улады Літвы дазволілі Тайваню адкрыць "прадстаўніцтва" ў краіне, адклікаў амбасадара і задзейнічаў эканамічныя вагары: прыпыніў грузавыя чыгуначныя перавозкі ў Літву, зменшыў крэдытны ліміт для літоўскіх прадпрыемстваў. У адказ МЗС балтыйскай краіны адклікаў для кансультацый свайго амбасадара ў Кітаі.
Статус Тайваня
Кітай уважае Тайвань за адколатую правінцыю, якая з'яўляецца "неад'емнай часткай кітайскай тэрыторыі". Афіцыйныя стасункі паміж цэнтральным урадам КНР і Тайванем перарваліся ў 1949 годзе, пасля таго як пацярпелыя паразу ў грамадзянскай вайне з кампартыяй Кітая сілы Гаміньдана на чале з Чан Кайшы перабраліся на востраў. Справавыя і нефармальныя кантакты аднавіліся напрыканцы 1980-х гадоў.
Асцерагаючыся рэпрэсій з боку КНР, Тайвань звычайна называе свае дэ-факта амбасады за мяжой "прадстаўніцтвам Тайбэя", нагадвае агенцтва AFP. І наадварот, напрыклад, дыпламатычнае прадстаўніцтва Нямеччыны ў сталіцы Тайваня Тайбэі афіцыйна таксама не з'яўляецца амбасадай, а называецца "Нямецкім інстытутам".
У той самы час у Вільні гэтае прадстаўніцтва носіць назву "Прадстаўніцкі офіс Тайваня ў Літве", што падкрэслівае прэтэнзію вострава на незалежнасць ад мацерыковага Кітая, адзначае агенцтва AFP.
Пасля дзесяцігоддзяў ціску з боку Пекіна толькі нямногія краіны па-ранейшаму афіцыйна прызнаюць Тайвань дзяржавай.