У САЗ дапусцілі смерць 500 тысяч чалавек ад COVID-19 у Еўропе зімой
5- 21.11.2021, 16:26
- 4,860
Гэта адбудзецца, калі не ўжыць новых тэрміновых захадаў у барацьбе з распаўсюджваннем віруса.
Цягам зімы ў Еўропе ад заражэння каранавірусам могуць памерці 500 тысяч чалавек, калі не будуць ужытыя дадатковыя захады для стрымлівання пандэміі, заявіў BBC рэгіянальны дырэктар Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (САЗ) Ханс Клюге.
Так, з ягоных слоў, палепшыць сітуацыю зможа больш дбайнае выкананне маскавага рэжыму. Апроч гэтага неабходна нарасціць тэмпы кампаніі вакцынацыі, выконваць асноўныя захады грамадскай аховы здароўя і ўкараняць новыя метады лячэння.
Клюге адзначыў, што абавязковую вакцынацыю трэба разглядаць як крайні захад, але пры гэтым ён думае, што было б своечасова цяпер правесці грамадскія дэбаты на гэтую тэму. «Да ўвядзення такога захаду ёсць і іншыя сродкі, напрыклад COVID-пропускі», - растлумачыў ён.
Распаўсюджванню каранавіруса ў Еўропе спрыяюць халодная пара года, недастатковы ахоп вакцынацыяй, а таксама перавага больш заразнага «дэльта»-штаму, адзначаў Клюге.
Раней ён паведамляў, што калі 95% насельніцтва Еўропы будзе насіць маскі, гэта можа выратаваць жыцці 188 тысяч чалавек.