31 снежня 2025, Серада, 6:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Былы верхавод «ДНР» Барадай набыў апартаменты ў Дубаі за 450 тысяч еўраў

12
Былы верхавод «ДНР» Барадай набыў апартаменты ў Дубаі за 450 тысяч еўраў
ФОТА: ТАСС

Расследаванне правяла каманда Навальнага.

Былы кіраўнік так званай «Данецкай народнай рэспублікі», цяпер - дэпутат Дзярждумы РФ Аляксандр Барадай, амаль адразу пасля вяртання з Данбаса набыў апартаменты ў Дубаі коштам блізу 450 тысяч еўраў, сцвярджае каманда Навальнага са спасылкай на базу звестак уладальнікаў нерухомасці ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах.

Паводле базы, апартаменты з відам на Персідскую затоку і плошчай 104 квадратныя метры знаходзяцца на беразе штучна збудаванай выспы Палм-Джумэйра. Ад жылля Барадая да пляжу - крыху больш за сто метраў.

Прыкладна ў гэты ж час, увосень 2015 года, Барадай набыў кватэру і ў прэстыжным раёне Масквы – на Ламаносаўскім праспекце. Яе плошча - 142 квадратныя метры, а рыначны кошт - блізу 100 мільёнаў рублёў.

Нарэшце ў красавіку 2021 года Аляксандр Барадай набыў новы аўтамабіль LEXUS за 5 мільёнаў 614 тысяч рублёў. Пры гэтым, згодна з афіцыйнай дэкларацыяй за 2020 год, даход былога кіраўніка «ДНР» складаў 0 рублёў, а на рахунках у банках у яго заставалася 313 тысяч.

У расследаванні зазначаецца, што пры ўдзеле ў вераснёўскіх выбарах у дэпутаты Дзярждумы Барадай не задэклараваў замежную маёмасць. Паводле закона гэта абавязаныя рабіць усе кандыдаты. Каманда Навальнага мяркуе, што цяпер Барадай мусіць быць пазбаўлены дэпутацкага мандата.

Маскоўскі палітолаг і спецыяліст па PR Аляксандр Барадай займаў пасаду старшыні Савета міністраў «ДНР» з 16 траўня да 7 жніўня 2014 года - у разгар узброенага канфлікту на ўсходзе Украіны. Барадай неаднаразова заяўляў, што паехаў на Данбас як добраахвотнік. Ён таксама сцвярджаў, што быў кіраўніком сепаратыстаў «абсалютна бясплатна» і «нічога на гэтым не зарабіў». Пазней высветлілася, што дзейнасць Барадая курыраваў асабісты дарадца Уладзіміра Пуціна Уладзіслаў Суркоў.

У верасні 2021 года Барадай абіраўся ў Дзярждуму паводле спісаў партыі «Адзіная Расія» ад Растоўскай вобласці. Экс-кіраўнік так званай «ДНР» быў у спісе пад восьмым, загадзя непрахадным, нумарам, але атрымаў месца ў Дзярждуме пасля таго, як ад мандатаў адмовіліся першыя чатыры нумары спісу, прынамсі, губернатар Растоўскай вобласці Васіль Голубеў і ягоны намеснік.

Узброены канфлікт на ўсходзе Украіны пачаўся вясной 2014 года, неўзабаве пасля анэксіі Расеяй Крыма. З ацэнкі міжнародных назіральнікаў, ягонымі ахвярамі сталі звыш 13 тысяч чалавек. Украіна і краіны Захаду абвінавачваюць Крэмль як у наўпроставым ваенным удзеле ў канфлікце, так і ў фінансавай падтрымцы наймітаў і сепаратыстаў Данбаса.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках