22 студзеня 2022, Субота, 13:49
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Шушкевіч: Лукашэнку і Пуціну не ўдасца стварыць СССР 2.0

50
Станіслаў Шушкевіч: Лукашэнку і Пуціну не ўдасца стварыць СССР 2.0
СТАНІСЛАЎ ШУШКЕВІЧ
ФОТА: CHARTER97.ORG

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі расказаў пра Белавежскія пагадненні і крах імперый.

30 гадоў таму, 8 снежня 1991 года, былі падпісаныя Белавежскія пагадненні.

Дамова паміж Беларуссю, Украінай і Расеяй, падпісаная ў Віскулях, азначала спыненне існавання СССР як "суб'екта міжнароднага права і геапалітычнай рэальнасці" і заяўляла аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД).

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі, падпісант Белавежскіх пагадненняў Станіслаў Шушкевіч расказаў сайту Charter97.org аб значэнні гэтай падзеі для сённяшняй Беларусі.

- У Віскулях, як вы не раз казалі, было зафіксавана падзенне савецкага рэжыму. Што ж стала прычынай яго краху?

- Гэты рэжым быў настолькі паганы, што проста не павінен быў існаваць далей. Раскладацца ён пачаў задоўга да гэтага і СССР перастаў існаваць у першародным выглядзе. Асабліва пасля ГКЧП, пасля ўсіх маніпуляцый Гарбачова, які хацеў быць самай галоўнай асобай.

- Пасля прапанаванай формулы вы заявілі, што першым падпішыце гэты дакумент. Чым вы тады кіраваліся? Адкуль у вас была такая рашучасць?

- Я першым заявіў, што падпішу і сапраўды першым падпісаў. Мы падпісвалі дакумент у алфавітным парадку. Тры краіны - Беларусь на першым месцы, Расея - на другім, Украіна – на трэцім. Мой подпіс стаіць першым. Сам дакумент - гэта фактычна фіксацыя стварэння канфедэрацыі, Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Тое, што прапаноўваў Гарбачоў, мела на ўвазе, што ён будзе галоўным. У канфедэрацыі галоўнага не бывае, тут усе - незалежныя дзяржавы. Вось і атрымалася такая структура. І яна вельмі высока ацэненая міжнароднай грамадскасцю. Швэдскія дыпламаты вельмі прыгожа сказалі, што Белавежскія пагадненні - шэдэўр легітымнай дыпламатыі канца другога тысячагоддзя.

- У гэтым годзе іншы чалавек - Лукашэнка - надумаў падпісаць чарговыя дакументы аб так званай “інтэграцыі” Беларусі з Расеяй, прадаючы суверэнітэт Беларусі.

- Гэты чалавек зробіць усё, каб быць ва ўладзе. Атрымоўваецца бязглуздзіца: прэзідэнт ЗША может займаць сваю пасаду максімум 2920 дзён — два тэрміны па чатыры гады. Лукашэнка кіруе ўжо больш за 10 тысяч дзён. Аднак дасягненні яго кіравання нікчэмныя - Беларусь апынулася на апошніх месцах паводле ўсіх станоўчых паказчыках у Еўропе.

Лукашэнка хоча захаваць уладу, гэткім жа чынам уладу хоча захаваць і Пуцін. І вось яны прыдумляюць для гэтага розныя спосабы, фальсіфікацыі.

Цяпер падмененае адно пытанне іншым, бо пратэст быў супраць фальсіфікацыі выбараў, але Лукашэнка кажа: давайце ўсіх, хто зараз уцёк, не будзем лічыць апазіцыяй, апазіцыя павінна быць унутры. Так унутры ён арыштаваў больш за тысячу чалавек. Гэта фактычна злачынец, які фальшывым чынам замацаваўся на пазіцыі прэзідэнта. І кіруюць намі зараз не эканамісты, не палітолагі, а сілавікі, якія клапоцяцца пра сябе.

- Як вы ацэньваеце магчымасць узнікнення СССР 2.0?

- Магчыма, што Пуцін хоча зараз з'есці Беларусь. І Лукашэнка нікуды не падзенецца, ён будзе выконваць усе ягоныя загады. Фактычна ў Беларусі адпрэчваюцца нацыянальныя сімвалы, адпрэчваецца беларуская гісторыя, уводзяцца забароны на ўсё, што толькі магчыма, безліч народу сядзіць у турме. Гэта называецца дзяржаўны тэрарызм, ніяк інакш.

Лукашэнка заяўляе, што ён будзе размаўляць толькі з апазіцыяй унутры. Але калі яму не спадабаецца гэтая апазіцыя - ён арыштуе чарговую партыю. Бо ў нас вельмі проста прышыць абвінавачанне, якое хочаш і на колькі хочаш.

- А ці магчымыя такія імперыі ў нашы дні, улічваючы тыя свабоды, тэхналогіі, веды, спосабы камунікацыі, якімі валодаюць людзі?

- Вы ведаеце, у палітыцы так не гавораць, але сабака не вяртаецца да сваіх ванітаў. Дык вось, гэта немагчыма абсалютна. Аднак магчыма існаванне тэрарыстычнай дзяржавы, у якой узброеныя сілы накіраваныя на барацьбу не з вонкавым ворагам, а з грамадзянамі сваёй краіны. Жэнеўская дэкларацыя 1987 года тлумачыць, што такі гвалт дзеля захавання ўлады. З гэтым трэба змагацца, з гэтым трэба заканчваць. У нас жа змагаюцца са спадчынай гэтага, але слаба змагаюцца.

- Ці жывы сёння «чырвоны чалавек», пра якога пісала Святлана Алексіевіч у сваіх кнігах? Ці ён ужо стаў часткай гісторыі?

- Яна як нобэлеўская лаўрэатка можа напісаць шмат прыгожых фраз. Аднак ёсць людзі, якія не так прыгожа гавораць, але робяць важныя справы. Цяжка вельмі змагацца з вялікай дзяржавай, правадыр якой паабяцаў Лукашэнку вайсковую дапамогу, калі на яго ўладу нехта будзе замахвацца. Тое, што ягоная ўлада незаконная - гэтага Пуцін не хоча ведаць.

У шматлікіх людзей засталася савецкая свядомасць, але ёсць і добрая свядомасць. Калі прытрымлівацца тых правілаў, якія дыктаваліся - гэта будзе выдатна. Калі ж выконваць тое, што выконвалі партыйныя лідары, дык гэта будзе вельмі дрэнна. І вось такі быў Савецкі Саюз, калі дзесяць нацыянальнасцей зазнавалі генацыд, высяляліся са сваёй зямлі. Такі саюз нікому непатрэбны. Такі сацыялізм, калі чалавечае жыццё не шануецца, менавіта яго хочуць зараз стварыць нелегітымныя кіраўнікі.

- У 2020 годзе сотні тысяч беларусаў выйшлі пад бел-чырвона-белымі сцягамі. Ці паказаў наш народ, што за 30 гадоў ён стаў сапраўднай нацыяй, якая гатова і хоча жыць у свабоднай краіне?

- Беларусы паказалі, што яны - сапраўдная нацыя. Аднак нацыя не можа ісці змагацца з атручанымі стрэламі супраць рэактыўных бамбавікоў. Нацыя не павінна ваяваць - нацыю павінны паважаць. І калі ў нас з’явілася столькі пратэстаў, то трэба разабрацца ў чым тут справа. Аднак у нас наадварот забіваюць людзей, якія кіравалі гэтым пратэстам, саджаюць у ковідныя адсекі, каб яны хутчэй сышлі ў іншы свет.

- Што б вы зычылі беларусам, якія змагаюцца за свабоду ў гэты гістарычны дзень?

- Беларусам я зычу розуму, сілы, волі, увогуле - быць годнымі беларусамі. Паколькі я сам актыўна ўдзельнічаць не магу ў пэўных працэсах з прычыны здароўя, я магу толькі, так бы мовіць, даваць парады. У нас была «страна советов», і я даю «совет» беларусам – трэба быць годнымі беларусамі.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».