Дзень Волі - наш!
10- АНДРЭЙ САННІКАЎ
- 24.03.2021, 13:46
- 19,514

І ўсе нашы героі пра гэта даведаюцца.
Некалькі разоў я сустракаў Дзень Волі за кратамі. Кожны раз майстраваў з падручных матэрыялаў наш сцяг. Пакідаў які-небудзь ласунак, каб пачаставацца ў святочны дзень з абавязковай кавай, маім "напоем свабоды". Перабіраў лісты і паштоўкі - многія з іх былі са сцягам, нават надрукаваная ў друкарні. А ўжо ручныя, маляваныя, былі проста творамі мастацтва.
Вядома ж, прыслухоўваўся да таго, што дзеецца на волі, успамінаў, як мы святкавалі гэты дзень у розныя гады.
Ёсць адна выразная заканамернасць: лукашэнкаўскі рэжым заўсёды рабіў усё для таго, каб пазбавіць нас нашага нацыянальнага свята. Нават калі з натугай выдаваў дазвол сабрацца ў гэты дзень (асабліва калі вельмі патрэбныя былі заходнія крэдыты), то ўсё адно спрабаваў сапсаваць свята: зладзіць прэвентыўны хапун, увесці войскі, напоўніць горад карнікамі, загнаць за загародку. Такія паводзіны тлумачыцца самім характарам рэжыму Лукашэнкі. Гэта рэжым акупацыйны, накіраваны на знішчэнне ўсяго беларускага, і сёння яны гэтага нават не хаваюць.
Нянавісць да свята незалежнай беларускай дзяржавы ў дыктатара зашкальвае, а спалучэнне "Дзень Волі" і "бел-чырвона-белы" кожны раз выклікае прыпадкі бяссільнага шаленства.
Не першы раз Лукашэнка ляскае зубамі і зброяй перад Днём Волі, не першы год ганяе ён вайсковую тэхніку і ўздымае на трывогу ні ў чым не вінаватых жаўнераў. Не ўпершыню гэты прыхільнік Гітлера спрабуе паклёпнічаць на патрыётаў, на людзей, якія аддалі жыццё за сваю родную Беларусь.
Я ўспамінаю і шэсці пад нашым сцягам у атачэнні шчытаносцаў без твараў, і уцісканне нас у вітрыны крам у надзеі, што шыбы могуць раскалоцца, вываліцца гільяцінай і каго-небудзь заб'юць. Але нават вітрыны ў такія дні былі на нашым баку і разам з намі вытрымлівалі націск цёмных сіл.
Нічога ў гэтых акупантаў не атрымалася і ўжо не атрымаецца.
Атрымалася адваротнае: беларусы з'ядналіся, сталі народам, які поўны рашучасці абараніць сваю краіну.
Наш нацыянальны сцяг стаў агульнанацыянальным, народным, а чырвона-зялёнае непаразуменне ператварылася ў "каінаву пячатку", якую ўжо заўтра не так проста будзе аддзерці.
Выходзіць ці не выходзіць у Дзень Волі - пытанне так не стаіць.
Выходзіць!
Падчас вайны з акупантамі ў баях удзельнічаюць усе: і рэгулярныя войскі, і партызаны. Яны займаюць вышынныя дамы, праходзяць маршамі па сваіх гарадах, плануюць аперацыі вызвалення ваеннапалонных. А самае галоўнае - падымаюць сцягі.
Калі я ў гэты дзень за кратамі прыслухоўваўся, што дзеецца на волі, я заўсёды атрымліваў сігналы, што Дзень Волі адзначылі годна: ці то голуб прыносіў гэтыя звесткі, ці то сукамэрнікі даведваліся ад адвакатаў ці нават следчых. Часам і самі корпусныя кантралёры паведамлялі. Паведамлялі нават не як змоўшчыкі, а як свае, аднадумцы, якія часова працуюць на ворага.
І гэтым разам, я ўпэўнены, мы годна адзначым Дзень Волі ўсім народам і ўсёй Беларуссю з нашым сцягам.
І ўсе нашы героі ў лукашэнкаўскім палоне пра гэта даведаюцца.
Дзень Волі наш!
Жыве Беларусь!
Андрэй Саннікаў, «Фэйсбук»