20 красавiка 2024, Субота, 18:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аўстралія выходзіць з угод з Кітаем праз палітычную канфрантацыю

6
Аўстралія выходзіць з угод з Кітаем праз палітычную канфрантацыю
ФОТА: VCG

Угоды тычыліся пекінскай ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях».

Аўстралійскія ўлады скасавалі дзве ўгоды, укладзеныя памiж яе штатам Вікторыя і Кітаем. Пагадненні тычыліся пекінскай ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях» - праекта, які на Захадзе разглядаюць як інструмент мяккай сілы КНР. Пра гэта ў сераду паведамляе Reuters.

Разрыў адбыўся на пастанову міністра ўнутраных спраў краіны Марыз Пэйн. З яе слоў, усяго плануецца скасаваць чатыры такія дамовы. Усе яны, як падкрэслівае міністр, «несумяшчальныя са знешняй палітыкай Аўстраліі».

Як удакладняе агенцтва, ініцыятыва рэалізаваная на фоне паглыблення дыпламатычнай канфрантацыі Канберы з Пекінам, які раней увёў санкцыі супраць экспарту аўстралійскіх тавараў.

«Адзін пояс, адзін шлях» з'яўляецца ключавым знешнепалітычным праектам урада Сі Цзіньпіна. Ён прадугледжвае стварэнне трох наземных і двух марскіх калідораў, якія пройдуць у канчатковым выніку праз усё Усходняе паўшар'е. Існуе асцярога, што Кітай збіраецца выкарыстоўваць праект для эканамічнага, а потым і палітычнага закабалення некаторых краін-удзельніц.

Выхад аўстралійскага штата з угоды з Кітаем адбываецца на фоне агульнага пераасэнсавання стасункаў паміж Захадам і КНР. Гэты вектар атрымаў дадатковы імпульс дзякуючы прэзідэнту ЗША Джо Байдэну, які абвясціў, што цяперашняе стагоддзе стане стагоддзем барацьбы дэмакратый супраць аўтакратыі, да якіх ён аднёс, у першую чаргу, Кітай і Расею.

У той жа час кіраўнік МЗС Нямеччыны Хайка Маас, якога Reuters цытуе 21 красавіка, заявіў, што Еўразвязу неабходна ўзаемадзейнічаць з Кітаем, нягледзячы на вялікую колькасць рознагалоссяў. Ён падкрэсліў, што ЕЗ разглядае Пекін як «партнёра, канкурэнта і сістэмнага апанента адначасова». «Ва ўсіх гэтых трох вымярэннях нам патрэбныя трывалыя, устойлівыя каналы сувязі з Пекінам. Раз'яднанне - няправільны шлях», - сказаў ён, рыхтуючыся да сустрэчы са сваім кітайскім калегам.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках