Медалістка АГ-2020 з Польшчы прадала ўзнагароду, каб аплаціць дарагую аперацыю дзіцяці
3- 20.08.2021, 11:57
- 4,436
Фото: Reuters
На шляху да Токіё яна сама перамагла цяжкі дыягназ.
Польская спартоўка Марыя Андрэйчык усяго два тыдні таму здабыла срэбра на Алімпіядзе-2020 у Токіё, але ўжо выставіла ўзнагароду на аўкцыён. Усё для таго, каб выратаваць жыццё дзіцяці, піша «Трыбуна».
Андрэйчык узяла срэбра Токіё-2020 у кіданні дзіды - гэты медаль стаў першым сур'ёзным дасягненнем у кар'еры 25-гадовай спартоўкі. Але зараз спартоўка выставіла каштоўны ва ўсіх сэнсах медаль на аўкцыён - так яна хоча дапамагчы хвораму дзіцяці.
8-месячнаму Мілошэку Малышэ патрабуецца аперацыя на сэрцы, якую могуць зрабіць ва ўніверсітэце Стэнфорда ў ЗША. Кошт аперацыі - 250 тысяч даляраў. За медаль Андрэйчык папрасіла палову ад агульнай сумы - 125 тысяч.
Сама спартоўка ўпэўненая, што ўзнагарода - не самае галоўнае. Важнейшы сам факт таго, што яна яе здабыла.
«Сапраўдная каштоўнасць гэтага медаля назаўжды застанецца ў мяне ў сэрцы. Сама ж узнагарода - гэта проста рэч, але яна можа моцна дапамагчы іншым людзям. Гэта срэбра можа выратаваць жыццё замест таго, каб пыліцца на паліцы ў шафе.

Менавіта таму я надумала выставіць яго на аўкцыён, каб дапамагчы хвораму дзіцяці.
У Мілошэка - сур'ёзнае захворванне сэрца, яму патрэбная аперацыя. У яго ўжо ёсць некаторая сума ад хлопчыка на імя Кубус - той, на жаль, не выздаравеў, таму яго бацькі надумалі аддаць Мілошэку тыя грошы, якія сабралі на лячэнне сына. Але я таксама хачу ім дапамагчы. І дзеля іх я аддам алімпійскі медаль», - распавяла Андрэйчык у інтэрв'ю польскай тэлевізіі.
Андрэйчык не з чутак ведае, што такое сур'ёзная хвароба. Яна адолела рак костак (дыягназ паставілі ў 2018-м) і змагла вярнуцца ў спорт. На Алімпіядзе-2016 у Рыа ёй не ставала ўсяго 2 см да бронзы. Але ў Токіё-2020 нарэшце спраўдзілася ейная мара.

Аўкцыён закончыўся паспяхова - лот выкупіла сетка польскіх супермаркетаў Żabka, а 125 тысяч даляраў адправіліся Мілошэку. Аднак кампанія-пераможца надумала вярнуць медаль Марыі, захапіўшыся ейным учынкам.
«Мы ўражаныя яе выдатным і па-сапраўднаму высакародным жэстам», - паведамілі ў кампаніі.
А маленькі Мілошэк цяпер адправіцца ў ЗША на аперацыю - дзякуючы Андрэйчык патрэбную суму імгненна сабралі.