«1500 заяў аб банкруцтве за шэсць месяцаў - гэта рэкорд за апошні год»
13- 21.08.2021, 21:37
- 29,952
Метады лукашыстаў не працуюць.
Як распавёў nashaniva.com антыкрызісны кіраўнік Сяргей Пінчук, сітуацыя з банкруцтвамі ў краіне цяжкая.
«У першым паўгоддзі гэтага года распачатыя 1500 спраў аб банкруцтве. Такога не было апошнія пяць гадоў. Ёсць тэндэнцыя да росту. Напрыклад, летась было амаль 2000 спраў аб банкруцтве, а цяпер 1500 за паўгода. І гэта пры тым, што ужываюцца, так бы мовіць, адміністрацыйныя абмежаванні. Суды вяртаюць мноства заяў аб банкруцтве. Паводле фармальных прычын: дакумент туды не прымацавалі, там чагосьці не прадставілі і гэтак далей».
Экспэрт адзначае, што ідэя перадачы банкруцтваў у выканкамы існуе больш за 17 гадоў.
«Гэта значыць, да дзяржпрадпрыемства, перш чым накіраваць яго ў гаспадарчы суд з прызнаннем банкруцтва, будуць ужытыя ўсе магчымыя захады падтрымкі. Таму той факт, што сёння мы назіраем рост колькасці спраў аб банкруцтве дзяржпрадпрыемстваў, кажа пра тое, што ўсе гэтыя захады падтрымкі былі выкарыстаныя і не спрацавалі, - кажа Пінчук. - Хоць набор інструментаў велізарны: ільготы ў коштах энэрганосьбітаў і падатках на нерухомасць і зямлю, абавязаць купляць прадукцыю кампаніі, устанавіць адмысловыя кошты сыравіны, гарантаваць адсоткі банкам (дзяржава часта іх збірала) або спісаць іх».
«Вазьміце статыстыку МАЗа. Атрымліваецца, што МАЗ у 2020 годзе атрымаў прыбытак у суме 0,1% ад даходу. То бок, гэтая велізарная махіна з 15 тысячамі супрацоўнікаў працавала так, што кожны з гэтых людзей да канца года зарабіў для завода прыкладна 10 рублёў, - кажа ён. - Якіх паўнамоцтваў у выканкама або ва ўрада няма, каб зрабіць гэта прадпрыемства па-сапраўднаму прыбытковым? Механізмаў шмат, і іх можна выкарыстоўваць, але датуль, пакуль на гэта ёсць грошы. Калі грошай бракуе, кагосьці вызваляюць ад датацый. І тады ўсё будзе аналагічна: кагосьці падтрымаюць да апошняга, а камусьці не выстарчыць рэсурсаў».
Для тых, у каго не стае рэсурсаў, самы просты механізм, на думку Пінчука, спыніць называць працэдуру банкруцтвам.
«Напэўна, у новым законе можна будзе напісаць, што няма працэдуры банкруцтва, і назваць яе інакш. Выведзем з усёй гэтай працэдуры гаспадарчы суд у прынцыпе. Мы перадамо старшыні выканкаму ці камісіі права распачынаць справу, аналізаваць, кантраляваць, прызначаць антыкрызіснага кіраўніка і гэтак далей, - мяркуе экспэрт. - Ці самы просты механізм - увесці бар'еры для падачы заявы аб банкруцтве ў гаспадарчы суд. Адразу можна паставіць 10 такіх умоў, каб ніводная з іх не магла быць выкананая. За паўгода суды не будуць заводзіць 1500 спраў, яны наогул перастануць іх разглядаць. І ўсё будзе паводле закону. Паводле новага, больш дасканалага».