Медыкі ацанілі эфектыўнасць вакцын ад COVID-19 для людзей з аўтаімуннымі захворваннямі
- 13.09.2021, 10:50
- 3,098
Нідэрландскія навукоўцы правялі значнае нацыянальнае даследаванне.
Існыя вакцыны супраць каранавіруса эфектыўныя для большасці людзей з аўтаімуннымі захворваннямі. Да апошніх належаць цяжка вылечныя парушэнні імуннай сістэмы, пры якіх яна здаровыя клеткі арганізма распазнае як патэнцыйна небяспечныя і атакуе іх.
Да такой высновы прыйшлі нідэрландскія навукоўцы, якія правялі буйное нацыянальнае даследаванне супольна з Медыцынскім цэнтрам універсітэта Амстэрдама (UMC) і сеткай банкаў крыві Sanquin. Пра гэта паведамляе Volkskrant.
Падчас навуковага экспэрыменту даследчыкі вывучылі эфектыўнасць прэпаратаў, якімі робяць прышчэпкі супраць COVID-19, для людзей з саслабленай імуннай сістэмай.
Вынікі паказалі, што арганізмы большасці пацыентаў з аўтаімуннымі захворваннямі пасля вакцынацыі выпрацоўваюць прыкладна такую ж колькасць антыцелаў, як і арганізмы здаровых людзей.
Імунолаг Така Каўперс, які кіраваў даследаваннем, заявіў, што такія звесткі значна "перасягнулі чаканні". Іх ужо перадалі ў нідэрландскае Міністэрства аховы здароўя.
Чакаецца, што выканаўца абавязкаў міністра аховы здароўя краіны Хуга дэ Ёнг вызначыць, якія пацыенты маюць права на бустэрную дозу вакцыны супраць COVID-19 (дадатковую ін'екцыю, закліканую ўзмацніць ахоўны эфект вакцынацыі). Пры гэтым Каўперс чакае, што ў выніку зусім невялікі адсотак людзей з аўтаімунным захворваннем паклічуць на дадатковую ін'екцыю.
Адзначым: да адных з найбольш распаўсюджаных аўтаімунных захворванняў адносяць рэўматоідны артрыт, цукровы дыябет 1-га тыпу, глютэнавая хвароба (непераноснасць глютэна), псарыяз, запаленчае захворванне кішэчніка, хвароба Адысона (стан, пры якім наднырачнікі не выпрацоўвае дастатковай колькасці гармонаў - кортызола і альдастэрона ), вітыліга (стан, які характарызуецца парушэннем пігментацыі скуры), хвароба Хашымато (захворванне шчытападобнай залозы пры якім развіваецца гіпатэрыёз), хвароба Грейвса або дыфузны таксічны валляк (у гэтым выпадку характэрны гіпертырэёз).