2 траўня 2024, Чацвер, 7:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расследаванне пра атрутнікаў Навальнага атрымала прэмію «Эмі»

Расследаванне пра атрутнікаў Навальнага атрымала прэмію «Эмі»
ФОТА: KEVORK DJANSEZIAN / GETTY IMAGES

Абвяшчэнне лаўрэатаў адбылося ў ноч на 29 верасня.

Супольнае расследаванне групы Bellingcat і CNN пра атручэнне Аляксея Навальнага атрымала навінавую і дакументальную прэмію «Эмі» за «выбітны навінавы расследніцкі рэпартаж». Пра гэта гаворыцца ў твітары прэміі.

Абвяшчэнне лаўрэатаў 42-й тэлевізійнай прэміі International Emmy Awards 2021 для стваральнікаў дакументальных фільмаў, навінавых журналістаў і навінавых рэпартажаў праходзіла ў Нью-Ёрку ў ноч на 29 верасня.

У снежні летась Bellingcat, CNN, The Insider* пры ўдзеле Der Spiegel апублікавалі расследаванне пра меркаваных атрутнікаў Аляксея Навальнага – як мяркуецца, аператыўнікаў ФСБ з сакрэтнага падраздзялення ўстановы, якія дзейнічалі пад прыкрыццём Інстытута крыміналістыкі спецслужбы.

Паводле звестак журналістаў, гэта кіраўнік інстытута Станіслаў Макшакоў, старэйшы чалец групы Алег Таякін, аператыўнік Аляксей Аляксандраў, а таксама Іван Осіпаў, Канстанцін Кудраўцаў, Аляксей Крывашчокаў, Міхаіл Швец і Уладзімір Паняеў.

Следчыя прааналізавалі іншыя паездкі чальцоў гэтай групы і высветлілі, што яны пачалі сачыць за Навальным як мінімум са студзеня 2017 года.

Пасля выхаду расследавання Навальны патэлефанаваў Канстанціну Кудраўцаву, назваўшыся памочнікам сакратара Рады бяспекі Мікалая Патрушава. Меркаваны супрацоўнік ФСБ падчас размовы расказаў дэталі атручвання Навальнага, сярод іншага пра тое, што атруту нанеслі на трусы палітыка.

Паплечніца Навальнага Любоў Собаль пасля расследавання прыехала дадому да Кудраўцава і пазваніла ў дзверы ягонай кватэры. Ёй адчыніла цешча мужчыны. Пасля яна абвінаваціла Собаль у тым, што тая «ўварвалася» ў кватэру. Сама Собаль гэта адмаўляла. У выніку на яе завялі крымінальную справу аб незаконным пранікненні ў жыллё з ужываннем гвалту або яго пагрозай (частка 2 артыкула 139 КК РФ). У красавіку суд прызначыў Собаль год папраўчых працаў умоўна.

У жніўні ЗША ўвялі санкцыі супраць дзевяці расейцаў, якіх уважаюць за датычных да атручвання Аляксея Навальнага, а таксама супраць Дзяржаўнага выпрабавальнага інстытута ваеннай медыцыны і Інстытута крыміналістыкі ФСБ.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках