Еўрапейскае таварыства кардыёлагаў: Кубак кавы на дзень станоўча ўплывае на здароўе сэрца
3- 6.09.2021, 17:53
- 3,518
Цягам 10 гадоў навукоўцы аналізавалі звесткі 468 629 удзельнікаў эксперыменту.
Аматары кавы на 21% радзей паміраюць ад інсульту, на 17% ад сэрцава-судзiнных захворванняў і на 12% ад усякіх іншых прычын, высветлілі даследнікі Еўрапейскага таварыства кардыёлагаў, піша «Евро пульс».
Цягам дзясяці гадоў навукоўцы аналізавалі звесткі 468 629 удзельнікаў эксперыменту. На момант пачатку даследавання ніхто з удзельнікаў не меў прыкмет сэрцава-судзiнных захворванняў, а іх сярэдні ўзрост складаў 56 гадоў.
Удзельнікі былі падзеленыя на тры групы ў адпаведнасці з іх звычайным спажываннем кавы: першая група не ўжывала кавы зусім, другая ўжывала напой сярэдне (ад паловы да трох кубкаў на дзень), а трэцяя група выпівала больш за тры кубкі на дзень.
Аналіз паказаў, што ў аматараў кавы больш здаровыя паказчыкі сэрца і, адпаведна, яны менш схільныя да рызыкі памерці ад інсульту ці сэрцава-судзіннага захворвання. Найлепшыя паказчыкі былі ў групы сярэдніх спажыўцоў.