У Берасцейскай вобласці збіраюцца вакцынаваць дзяцей да 12 гадоў
8- 13.01.2022, 20:43
- 5,518
Кажуць, заяўку на Pfizer ужо падалі.
У Берасцейскай вобласці плануюць прывіваць ад каранавіруса дзяцей да 12 гадоў. Вакцынаваць будуць Pfizer. Пра гэта парталу «Медиа-Полесье» паведамілі ў Берасцейскім абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.
У выданне звярнулася жыхарка Пінскага раёна, якая распавяла, што яе 10-гадовы сын-пяцікласнік прынёс паперу - згоду на вакцынацыю ад каранавіруса са словамі «Трэба запоўніць».
У Берасцейскім абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя растлумачылі, што плануецца вакцынацыя дзяцей да 12 гадоў вакцынай Pfizer - заяўка на вакцыну ўжо пададзеная.
Нагадаем, 27 снежня ў Беларусі пачалі прышчэпліваць супраць COVID-19 дзяцей ва ўзросце 12-17 гадоў. Для гэтага бацькам або законным прадстаўнікам неабходна падпісаць згоду на вакцынацыю. Цяпер для вакцынавання прапануецца інактывіраваная кітайская вакцына Verо Cell.
Раней была інфармацыя, што ў 2022 годзе могуць пачаць вакцынаваць дзяцей Pfizer.
Так у інстаграм-старонцы дзіцячай кансультацыі Брагіна ў снежні мінулага года з'явілася апытанне: ці гатовы бацькі прышчапляць сваіх дзяцей з 5 гадоў прэпаратам «Pfizer (Еўропа)».
Як распавялі тады ў паліклініцы, на той момант яны збіралі інфармацыю аб тым, ці ёсць неабходнасць у прышчэпках і складалі спісы ахвочых. Аднак, са слоў суразмоўцы, вакцынаваць Pfizer могуць пачаць у 2022-м годзе.
У пачатку гэтага года прышчэпку супраць COVID-19 унеслі ў пералік прафілактычных прышчэпак па эпідэмічных паказаннях для дзяцей ва ўзросце ад 12 да 17 гадоў уключна. Вакцынацыю дарослых увялі ў гэты пералік яшчэ летась у кастрычніку.