11 траўня 2026, панядзелак, 16:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Луч» выпусціў гадзіннік у гонар беларуса – героя Чылі

4
«Луч» выпусціў гадзіннік у гонар беларуса – героя Чылі

Завод выпусціў мадэль гадзіннікаў, прысвечаных Ігнату Дамейку.

Завод «Луч» у межах лімітаванай калекцыі «Асоба» выпусціў мадэль гадзінніка, прысвечанага Ігнату Дамейку – выбітнаму беларусу, геолагу і нацыянальнаму герою Чылі, паведамляе belmir.by.

У гонар нашага суайчынніка ў Чылі названая вулканічная града Кардыльера-Дамейка, горны хрыбет Дамейка, порт Пуэрта-Дамейка, горад Дамейка, а таксама многія вуліцы, навуковыя і адукацыйныя ўстановы.

У космасе яго імя носіць малая планета - астэроід 2784 Дамейка, адкрыты ў 1975 годзе чылійцам Карласам Торэсам. На Зямлі - малюск наўтылус Дамейкус, мінерал Дамейкіт, фіялка Дамейкіяна.

І ўсё гэта ў гонар беларуса, які скончыў пачатковую школу ў горадзе Шчучыне і Віленскі ўніверсітэт, быў блізкім сябрам Адама Міцкевіча, адным з заснавальнікаў таварыства філаматаў і філарэтаў.

У 2022 годзе спаўняецца 220 гадоў з дня нараджэння Ігната Дамейкі. Да гэтага юбілею і прымеркаваны выпуск эксклюзіўных гадзіннікаў.

Вільгацяабаронены сталёвы корпус зроблены ў форме аскепка мінеральнай пароды з украпінамі элементаў розных адценняў, на строгім цыферблаце - формула дамейкіта, а на вечку - мапа горнага хрыбта Дамейка.

На зваротным баку ёсць асаблівасць можна назіраць за працай механічнага калібру «Луч 1801» праз таніраванае бронзавага колеру шкло.

Асобнік гадзінніка 23 снежня 2021 года перададзены ў музей імя Ігната Дамейкі, які знаходзіцца на базе сярэдняй школы імя А. І. Сташэўскай у гарадскім пасёлку Мір.

У музеі захоўваецца рукапіс навукоўца, мінералы, якія ён адкрыў, працы геолага і нават капсула з прахам. Вучні школы ладзяць экскурсію ў тым ліку на гішпанскай мове.

А 30 снежня мадэль паступіла ў продаж, купіць яе можна ў сетцы фірменных крамаў прадпрыемства. Усяго выраблена 220 экзэмпляраў, кожны са сваім нумарам.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках