24 снежня 2024, aўторак, 2:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

83-гадовы Мечыслаў Грыб перамог каранавірус

6
83-гадовы Мечыслаў Грыб перамог каранавірус
МЕЧЫСЛАЎ ГРЫБ
ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

Больш за два тыдні былы старшыня Вярхоўнага Савету правёў у бальніцы.

Больш за два тыдні былы старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб правёў у бальніцы з каранавірусам, але здолеў перамагчы хваробу.

Спадар Грыб кажа, што ня ведае, дзе мог падчапіць вірус. У свае 83 гады ён вядзе актыўны лад жыцьця, не замыкаецца ва ўласнай кватэры, паведамляе «Радыё Свабода».

«У мяне спачатку былі ня дужа выразныя сымптомы: насмарк, кашаль. Думаў, усялякае бывае. Калі тэмпэратуры не было, то не хваляваўся. Калі паднялася да 38, то сын адвёз у бальніцу. Я дзён пяць так дома праседзеў з хваробай, зацягнуў. Каб раней зьвярнуўся па дапамогу, то быў бы меншы працэнт паражэньня лёгкіх».

У бальніцы Мечыславу Грыбу паставілі дыягназ «ковідная двухбаковая пнэўманія». Было пашкоджана каля 50% абодвух лёгкіх.

«Я ляжаў у бальніцы № 10 у Чыжоўцы. Дактары нармальна працуюць, ходзяць, як касманаўты, усе закутаныя ў сваіх камбінэзонах. Дастаецца ім няслаба, бегаюць і бегаюць. Ні з кім асабліва не паразмаўляеш у „чырвонай зоне“, дактары ў масках. А ў людзей, што былі разам са мной, такі стан, што яны на прагулку ня ходзяць і не размаўляюць, а ўвесь час ляжаць на жываце».

Спадар Мечыслаў вакцынаваўся расейскім «Спутнікам» яшчэ ўвесну, а ў лістападзе прайшоў рэвакцынацыю.

«Думаю, мне гэта дапамагло. Са мной ляжалі розныя людзі: і прышчэпленыя, і непрышчэпленыя. Але большасьць усё ж тых, хто вакцыну сабе не калоў».

Як кажа палітык, ён ужо ў такім веку, што асабліва не хваляваўся наконт хваробы.

«Я не перажываў, я ўжо ні пра што не хвалююся. Я пражыў жыцьцё, пра гэта добра ведаю. Зразумела, што дзеці хваляваліся. А мне што, перажывай не перажывай — гэта нічога ня зьменіць.

Я ўвесь час быў у прытомнасьці. Самым складаным у хваробе была тэмпэратура, яна падымалася да 39. У такія моманты было вельмі кепска, і адчуваў, што ўжо ўсё да лямпачкі. Галава станавілася такая цяжкая, як качан, і нічога ня цяміла. Калі зьбівалі трошку тэмпэратуру, то станавілася лягчэй».

Спадар Грыб мяркуе, што справіцца з хваробай яму дапамаглі ня толькі стараньні дактароў і вакцынацыя, але і працяглыя заняткі фізкультурай.

«Адназначна спорт дапамог. І цяпер вярнуўся да заняткаў, раблю ў кватэры практыкаваньні, у асноўным на дыханьне. Бязь ежы чалавек можа пражыць, без вады таксама некаторы час, а без паветра не можа ніяк і ніколькі».

Экс-сьпікер парлямэнту кажа, што на сёньня адчувае сябе няблага. «Кісларод штодня мераю, ён каля 96–97 — гэта нармальна. Пакуль што таблеткі прымаю, лекі, але найгоршае ўжо перажыў».

Мечыслаў Грыб нарадзіўся ў 1938 годзе ў вёсцы Савічы, цяпер гэта Дзятлаўскі раён. Ад 1959 году служыў у органах унутраных спраў. Быў начальнікам УУС Віцебскага аблвыканкаму. Генэрал-лейтэнант міліцыі. У 1994–1996 гадах быў старшынём Вярхоўнага Савету Беларусі. Сябра БСДП «Грамада».

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках