23 снежня 2024, панядзелак, 20:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Калі б не ковід, ён бы жыў і жыў»

18
«Калі б не ковід, ён бы жыў і жыў»

Беларусы расказалі, як страчвалі блізкіх праз вар'яцкае стаўлення ўладаў да каранавіруса.

За ўвесь час пандэміі ў Беларусі ад каранавіруса толькі паводле афіцыйных звестак памерлі амаль шэсць тысяч чалавек. Напраўду лічбы ў некалькі разоў большыя. І за кожнай лічбай хаваюцца трагічныя гісторыі.

«Помню, паклала ёй ручнік пад галаву, і праз гадзіну ён быў зусім мокрым»

Калі ў 21-гадовай Алены захварэла маці, яна вельмі добрае разумела, што адбываецца ў яе арганізме. Мянчанка вучыцца на лекара-эпідэміёлага і пра каранавірусы яна ведала значна больш, чым іншыя людзі, піша «Наша Ніва».

«Маму звалі Вольга, ёй было 57 год. З 2004 года ў яе было аўтаімуннае захворванне - рэўматоідны артрыт, - распавядае Алена. - Апошнія некалькі гадоў яна нават на двор не выходзіла, так было цяжка. Калі прыйшоў каранавірус яна была ў стане субкампенсацыі. Гэта значыць частка захворвання была кампенсаваная лекамі».

Першыя паўтара гады пандэміі Алена і яе брат імкнуліся максімальна выконваць усе правілы бяспекі і прафілактыкі. Прышчэпку маці зрабіць не магла праз артрыт, які абвастрыўся.

«Так здарылася, што ў нас ва ўніверсітэце была ўспышка захворвання ў групе. Якое дыстанцыйнае навучанне... Нас адправілі працаваць у шпіталі, дзе шалеў ковід, - успамінае Алена. - Таксама з намі жыве мой стрыечны брат. Можа, нейкім чынам вірус прынёс ён. Хто цяпер ведае…»

Алена, яе брат, бабуля і іх маці захварэлі практычна адначасова — у кастрычніку 2021 года.

«Мы з братам перанеслі ўсё ў лёгкай форме, а мама і бабуля - даволі цяжка. У бабулі потым была 50% параза лёгкіх, а ў мамы сітуацыя была яшчэ цяжэйшая, — кажа дзяўчына. - У яе адразу паднялася высокая тэмпература, пачаўся кашаль, на другі дзень - жорсткія хрыпы, калі я слухала. На наступны дзень яна і я перасталі адчуваць пахі».

Лекарка прыйшла раніцай 7 кастрычніка. І адразу сказала, што гэта каранавірус. Яна ўзяла мазкі і дала раздрукоўку з рэкамендацыямі, як лячыцца.

«Мама чамусьці думала, што гэта не так, мусіць, гэта было адмаўленне, - успамінае дзяўчына. - У той дзень у мяне быў дзень нараджэння. Вось так мы яго і адсвяткавалі…»

«Першыя хвілін дзесяць я проста сядзела і не магла зразумець, што адбылося»

Шэсць дзён у Вольгі трымалася тэмпература. Збіць яе было немагчыма.

«Парацэтамол можна піць кожныя 4-5 гадзін, а яна выпівала - і праз дзве гадзіны ў яе зноў была тэмпература. Пацела вельмі шмат. Памятаю, што паклала ёй ручнік пад галаву, і праз хвілін сорак ён быў зусім мокры. Яна не ела, амаль не размаўляла і вельмі дрэнна спала, - успамінае дачка. - Сатурацыя ў яе падала не так хутка, як у многіх.

Рэч у тым, што маці да артрыту і інваліднасці была опернай спявачкай. Яна і на пенсіі шмат спявала, таму аб'ём лёгкіх у яе быў вялікі. Вось сатурацыя і трымалася».

12 кастрычніка Вольгу забралі ў лякарню. Два дні яна прабыла ў палаце пад вялікай колькасцю кіслароду. Потым - рэанімацыя.

«Быў Дзень маці, мы з ёй размаўлялі акурат. Прыйшла медсястра і сказала, што яе вязуць у рэанімацыю. Я адразу ў слёзы. Мама не плакала, яна мяне проста слухала. Я ёй казала, што яе вельмі люблю і што яна ачуняе. Больш мы з ёй ужо не размаўлялі», - плача Алена.

Наступны тыдзень дзяўчына штодня тэлефанавала ў рэанімацыю і пыталася пра стан маці. Аднойчы ёй адказалі, што Вольгі ў рэанімацыі няма, а праз некалькі дзён паведамілі: яе маці ляжыць на апараце ШВЛ.

«Яна правяла на апараце шэсць дзён, - кажа Алена. - Мы з мамай былі вельмі блізкія. І я яе адчувала ўвесь час. 21 кастрычніка а 12:40 я патэлефанавала ў шпіталь, мне сказалі, што лекар у чырвонай зоне. А я адчуваю, што нешта не так. Праз пяць хвілін мне набраў лекар і паведаміў, што мамы больш няма.

Першыя хвілін дзесяць я проста сядзела і не магла зразумець, што адбылося. Потым мяне накрыла, закрычала і заплакала. А праз месяц накрыла яшчэ больш… Я да гэтага часу знаходжуся на лячэнні. Цяжкі стан, дэпрэсіўны».

Хавалі маці Алены ў зачыненай труне. Дзяўчыне так было лягчэй перанесці гэты момант. Хоць супрацоўнік фірмы рытуальных паслуг паведаміў, што пахаванне можна праводзіць і з адкрытай труной.

«Супрацоўнік рытуальных паслуг сказаў, што ўсе целы апрацоўваюцца нейкім спецыяльным растворам, таму хаваць можна і ў адкрытай труне, але дакрануцца будзе нельга, - кажа Алена. - Я ўвесь час плакала на пахаванні, мне было вельмі дрэнна. Амаль не адыходзіла ад труны.

Яшчэ ў мяне знаёмыя працавалі ў трупярні ў кастрычніку 2021-га, і яны казалі, што вельмі шмат людзей да іх туды паступала. Я надумала адправіць цела на ўскрыццё, мне было цікава, якая была прычына яе смерці. Але адмовілі з-за вялізнай плыні людзей».

Даведку аб смерці ў той момант рабілі на аснове выпісанага эпікрызу. У Вольгі было напісана, што прычынай стала сардэчна-лёгачная недастатковасць.

«Мне мама расказвала, як яе лячылі ў шпіталі. Яна яшчэ да хваробы прымала гармоны ад свайго захворвання, і ёй у шпіаталі паралельна давалі іх жа. Гэта значыць яна атрымлівала падвойную дозу, - кажа Алена. - Яе гэта не задавальняла, але лекары ўсё рабілі паводле схемы. Ставілі глюкозу, а глюкоза ў спалучэнні з яе таблеткамі была супрацьпаказаная.

Ёй увесь час рабілі гэтыя кропельніцы - такі быў пратакол. Каб у выпадку чаго ніхто нічога не выставіў.

Я не вінавачу лекараў, але асаблівасці трэба ўлічваць. Мяне вельмі злавала, што не магу прыехаць і настаяць на гэтым. І я нават сябе за гэта вінаваціла…»

«Тата ў мяне быў здаровым, сачыў за сабо»

Каранавірус прыйшоў у сям'ю 43-гадовай Любові ў снежні 2020-га. Ковідам захварэў яе бацька Уладзімір. На той момант мужчыну было 68 год.

«Калі мы даведаліся, што ковід - гэта такая смяротная хвароба, бацька стаў менш бываць у памяшканнях. Напрыклад, перастаў наведваць лазню, - успамінае мянчанка. - Хадзіў у асноўным толькі на працу, ён выкладаў у каледжы. Мы не ведаем, дзе ён заразіўся. Можа, ад дзяцей нашых, а можа, на працы?

Хвароба пачалася з болю ў горле і тэмпературы. У пачатку снежня Уладзімір злёг. За ім і маці Любові. А потым і ўсе астатнія.

«Пахі, дарэчы, у нас ва ўсіх у сям'і зніклі адразу», – кажа жанчына.

Праз некалькі дзён хваробы Любові патэлефанаваў бацька і папрасіў прывезці лекі. Адчуваў ён сябе вельмі дрэнна. Маці пераносіла каранавірус даволі лёгка.

«Ён не мог нічога есці, моцна кашляў, - кажа жанчына. - Лекар у яго быў у гэты дзень, але тэст ніхто не зрабіў. На наступны дзень я патэлефанавала загадчыцы паліклінікі і запатрабавала, каб яму зрабілі тэст. Быў цэлы скандал. Але ўсё ж я дамаглася. І праз некалькі гадзін тату паклалі ў шпіталь, там зрабілі КТ і без тэсту пацвердзілі: гэта «карона». У яго было трыццаць адсоткаў паразы лёгкіх».

Калі Уладзімір патрапіў у лякарню, першыя часы ён з цяжкасцю размаўляў. Таксама пачаліся складанасці з кішэчнікам: мужчына нават абмяжоўваў сябе ў ежы. Бальніцы ён не любіў і нават некалькі разоў парываўся сысці дадому. Дачка лавіла бацьку на прыступках і ўгаворвала застацца. Праз пару дзён яму стала лепей. Але на 12-ы дзень стан рэзка пагоршыўся.

«Я сама перахварэла на каранавірус. Паправілася — і якраз мне трэба было з'язджаць у Польшчу, — расказвае яна. - Патэлефанавала лекару, каб удакладніць, які стан у бацькі. Ён адказаў, што нармальны. У той жа дзень, калі я з'язджала, тату перавялі ў рэанімацыю, дзе ён прабыў яшчэ тыдзень пад кіслароднай маскай. Ён патэлефанаваў мне і сказаў, што там і памрэ, маўляў, не выйдзе з рэанімацыі. Потым яму стала горш, два дні ён быў на ШВЛ»

22 снежня Любоў патэлефанавала лекару, каб дазнацца, як ейны бацька. Ёй адказалі, што стан Уладзіміра ўсё горшы і горшы. Тады Любоў спытала: «Ён памірае?». І пачула: «Так».

«Праз гадзіну патэлефанаваў брат і сказаў, што таты няма, - плача жанчына. - На пахаванне прыйшлі студэнты бацькі з каледжа. Усіх было чалавек 25. Труна адкрытая, людзі былі ў пальчатках і масках. Памінальны стол не рабілі, каб ніхто не заразіўся. Дамовіліся, што потым пасядзім.

Я падышла да таты, пацалавала яго. Інакш я не магла, «каронай» я тады ўжо перахварэла. Выглядаў ён нармальна, не магу сказаць, што неяк змяніўся».

«Мама моцна любіла тату. Яна проста страціла цікавасць да жыцця пасля яго смерці»

У медыцынскіх дакументах прычынай смерці ўказалі прагрэсаванне паліорганнай недастатковасці на фоне інтаксікацыі, спыненне кровазвароту, ацёк галаўнога мозгу.

«Тата ў мяне быў цалкам здаровы, ён за сабой і здароўем сачыў, быў спартовага целаскладу. Калі б не ковід, ён бы жыў і жыў, але вось так атрымалася, не змог ён выкараскацца. А ў сакавіку 2020 года ад ковіду памёр стрыечны брат таты, у лістападзе гэтага, 2021 года, яшчэ і цётка пайшла з жыцця», - кажа Любоў.

Вельмі цяжка перажывала сыход з жыцця мужа маці. Яна ўсё трымала ў сабе: перажыванні і эмоцыі. Пасля перанесенага каранавіруса і пасля смерці бацькі ў жанчыны выявілі анкалогію.

«У яе былі падвышаныя паказчыкі ў некаторых аналізах, але ніхто нават падумаць не мог пра рак. Такі дыягназ ёй не ставілі, - кажа Любоў. - Напэўна, пасля смерці бацькі ў яе нейкі працэс пайшоў. Было так, што я вярнулася, пахавала тату і дамовілася з мамай, што вяртаюся да дзяцей у Польшчу і падумаю, як яе перавезці да сябе.

Нейкі час маці жыла адна, але да яе прыходзілі мае знаёмыя, сяброўкі. Праз два месяцы яна пачала моцна стамляцца, страчваць вагу. Паклалі яе ў лякарню. Высветлілася, што ў маці пухліна страўніка. Я прыляцела ў Беларусь.

Дактары сказалі, што пухліна была вельмі агрэсіўная і што стрэс справакаваў хуткае развіццё. Мама моцна любіла тату. Яна проста страціла цікавасць у жыцці пасля яго смерці…»

«Ніяк усё не атрымлівалася пахаваць маці. Яна памерла 5 траўня, тады былі дажджы, пахавалі толькі 21 дня, а 23-га я ўжо з'ехала ў Польшчу. Калі вылятала з Менска, то ў той дзень і амаль у тую гадзіну пасадзілі самалёт з Пратасевічам. Ледзь паспела», - распавяла Любоў.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках