«У «Менскэнерга» каранавірус у паловы супрацоўнікаў»
7- 29.01.2022, 18:46
- 7,418
У Беларусі каласальны рост выпадкаў COVID-19 у электрасетках.
Тэлеграм-канал «ЖКХ-23%» паведамляе, што ў філіяле энэргазбыту РУП «Мінскэнэрга» ў службе АСКУЭ (Аўтаматызаваная сістэма камерцыйнага ўліку электраэнэргіі - заўв.) з 80 чалавек 35 ужо з пацверджаным каранавірусам. У астатніх аддзелах таксама фіксуецца рост колькасці хворых, практычна ў кожным ужо больш за чвэрць супрацоўнікаў захварэлі.
«У Дзяржэнэргагазнаглядзе такая ж карціна. У раённых электрасетках таксама шмат хворых. Заяўкі закрываць практычна няма кім. У выканкаме, больш за 300 нявыкананых заявак рамонту вулічнага асвятлення толькі ад аднаго сельсавета, нягледзячы на тое, што грошы ў сельсаветах ёсць, але ў РЭСах ужо няма каго адпраўляць».
Пішуць, што зараз у сярэднім у кожным філіяле раённай электрасеткі па 2-3 чалавекі ідуць на бальнічны. Таксама вядома, што гендырэктар РУП «Менскэнэрга» Алег Шчамель даў каманду пераводзіць людзей, па магчымасці, на аддаленую працу.
«У санстанцыях таксама бяда, напрыклад у санстанцыі Маскоўскага раёна засталося працаваць у лепшым выпадку 4 чалавекі. Астатні персанал на бальнічным! У гарадской санстанцыі сітуацыя не лепшая. У сельсаветах таксама ў сярэднім з панядзелка 1-2 чалавекі ў дзень ідуць на бальнічныя».