«Белыя халаты» апублікавалі шакавальную зводку аб COVID-19
6- 31.01.2022, 15:40
- 11,262
Медыкі заклікалі выконваць правілы прафілактыкі хваробы.
Успамінаючы несмяротныя словы Івана Васільевіча, «Танцуюць усе!», можна перафразаваць іх на «Хварэюць усе!».
У 10 ГКБ з панядзелка закрылася гнойнае аддзяленне - для прыёму пацыентаў з COVID, а з сёння закрываецца першая кардыялогія, для гэтых жа мэт. Паступленне ў лякарню даволі інтэнсіўнае, ложкі закладваюцца вельмі хутка. Гэта абумоўленае і тым, што «омікрон» мог яшчэ не да канца выцесніць «дэльту» і частка хворых паступае з папярэднім штамам, а таксама тым, што «омікрон» можа выклікаць хваробу, якая патрабуе шпіталізацыі, хоць і радзей, чым «дэльта». Вялікая колькасць захварэлых і імклівы іх прырост заканамерна павялічвае і ўзровень шпіталізацый, інфармуе тэлеграм-канал «Белыя Халаты».
Менск, 6 ДКБ. У прыёмным аддзяленні траўматалогіі 24 супрацоўнікі з лістком непрацаздольнасці. Вельмі цяжка сабраць дзяжурную змену. Многія медыкі, паколькі сфера з'яўляецца экстранай, выходзяць на дадатковыя дзяжурствы, каб неяк закрыць патрэбнасць у медыках, як вынік — перапрацоўкі ўзраслі яшчэ больш.
Выклік лекара на дом стаў практычна нерэальнай задачай. Напрыклад, на пятніцу 28.01 у 10 паліклініцы Менска было 200 выклікаў лекара за дзень. Зразумела, ажыццёўленая была толькі частка візітаў. Медыкі не спраўляюцца, нават з улікам дапамогі інтэрнаў і студэнтаў, таму хворым людзям рэкамендуюць прыходзіць у паліклініку. Такая ж сітуацыя і ў іншых паліклініках Менска.
Удакладненне па 3ДДКБ і яе перапрафіляванні: аддзяленне рэабілітацыі для дзяцей не працавала з восені мінулага гады. Яны прымалі дзетак з ВРВІ і пнеўманіямі да 3-х гадоў. Цяпер увесь грудны корпус 3-й дзіцячай лякарні (95 ложкаў) адкрыты на ковід. Неўралогія прымае дзяцей з ВРВІ і пнеўманіямі з 1 месяца і да 3 гадоў.
Студэнтаў БДМК, па 6 чалавек з групы, адпраўляюць у загадным парадку ў паліклінікі, бо там не стае рук і патрабуецца дадатковая дапамога. Студэнтаў БДМУ пакуль на валанцёрскай аснове таксама заклікаюць адправіцца на дапамогу амбулаторнаму звяну: працаваць у кантактных брыгадах, кал-цэнтрах, дапамагаць на прыёме. Пакуль гаворка пра працу, якая не аплачваецца, хаця ёсць інфармацыя, што студэнтам могуць «прабачыць» за гэтую працу нейкую частку практыкі.
Школа 61 Гомеля. На мінулым тыдні ў адзін з 10 класаў не прыйшоў ніводзін вучань. У класах па 6-8 дзяцей. Дзеці прыносяць вірус са школы, людзі хварэюць цэлымі сем'ямі. Таксама ёсць інфармацыя з Гомеля аб тым, што тэсты на ковід робяць далёка не кожнаму, а толькі тым, у каго ёсць падазрэнне на ковідную пнеўманію. Астатнія атрымліваюць дыягназ «ВРВІ» і, як следства, не ідуць у статыстыку захворвання.
Адна з паліклінік горада Менска па стане на пятніцу 28.01 атрымала 210 станоўчых мазкоў на ковід-інфекцыю. Гэта - з 2221 выпадкаў усяго ў рэспубліцы, гэта значыць, адна дзясятая. Нягледзячы на тое, што Міністэрства аховы здароўя перасягнула псіхалагічны парог 2000 хворых на дзень, гэтая лічба ўсё яшчэ надзвычай далёкая ад рэальнай сітуацыі.
Аптэкі паведамляюць, што небывала вырас попыт на супрацьвірусныя лекі і лекі для сімптаматычнага лячэння ВРВІ. Такога не было за ўвесь час пандэміі - дзеляцца досведам фармацэўты. Пры гэтым вельмі мала людзей носіць маскі, нават тыя, хто прыходзіць ад лекара з дыягназам «каранавірусная інфекцыя», можа быць без маскі, не кажучы пра тых, хто (пакуль) не хварэе.
Дарагія сябры! Хай вас не збівае з панталыку тое, што «омікрон» працякае лягчэй і, нібыта, не страшны.
Велізарная нагрузка на сістэму аховы здароўя, на медыкаў, якія выматаныя як маральна, так і фізічна, бо ў іх амаль не было адпачынку з мінулай хвалі, на амбулаторнае звяно - гэта сур'ёзныя фактары рызыкі калапсу сістэмы, вынікам якога будзе немагчымасць атрымаць медыцынскую дапамогу ў першую чаргу. - На паліклінічным этапе.
Таму мы заклікаем вас насіць маскі, пазбягаць месцаў вялікай колькасці людзей, выконваць гігіену рук, а ў выпадку, калі вы захварэлі - не ісці на працу ці ў школу, а застацца дома, - піша тэлеграм-канал.