20 траўня 2024, панядзелак, 11:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

WP: Расея ва Украіне дэманструе, як нельга весці вайну

4
WP: Расея ва Украіне дэманструе, як нельга весці вайну

Пуцін робіць памылку за памылкай.

Ваенныя гісторыкі будуць стагоддзямі вывучаць вайну, якую Уладзімір Пуцін распачаў супраць Украіны. Але ў якасці майстар-класа, як не трэба ваяваць. Ягоная новая тактыка, якая палягае ў бамбаванні ўкраінскіх местаў - гэта яшчэ адзін адчайны і ганебны гамбіт, які, мабыць, вылезе вомегам.

Вайна пачалася 24 лютага з бязладнага наступу на Кіеў, які скончыўся 60-кіламэтровым заторам расейскай вайсковай тэхнікі. Расейскае войска паказала, што не здольнае сінхранізаваць свае дзеянні або праводзіць хуткія паветраныя і наземныя аперацыі. Яно нават не здалела ўсталяваць дамінаванне ў небе. А гэта sine qua non вайсковай эфектыўнасці з 1939 года, - піша ў артыкуле для Washington Post навуковы супрацоўнік Council on Foreign Relations Макс Бут.

Украінцы ж, з іншага боку, давялі, што яны майстры тактыкі «бі ды бяжы», эфектыўна выкарыстоўваючы дадзеныя Захадам ПЗРК, такія як Javelin і Stinger. У сярэдзіне красавіка Пуцін кінуў свой сумна вядомы наступ на Кіеў і адправіў войскі на ўсход. Нейкі час справы ў расейцаў ішлі добра. Яны змаглі выкарыстоўваць сваю перавагу ў артылерыі, каб пакрысе выціснуць украінцаў з Луганскай вобласці на пачатку ліпеня. Але затым войска Украіны пачало атрымліваць ад ЗША РСЗА HіMARS. І ўсё зноў змянілася. Украінцы змаглі спыніць няспынны дождж з расейскіх набояў, знішчаючы склады баявых прыпасаў і камандныя пункты. Расея так і не здолела прыстасавацца. Няма ніякіх прыкмет таго, што ёй выпала знішчыць хаця б адзін HіMARS.

На пачатку верасня расейцы ўчынілі яшчэ адну вялікую памылку. Адправіўшы войскі з усходу на поўдзень, каб спыніць украінскі контрнаступ там, яны выявіліся не гатовымі да нечаканай украінскай атакі ў Харкаўскай вобласці. Войска Украіны вызваліла тысячы квадратных кіламэтраў тэрыторыі і прымусіла расейскія сілы пахіснуцца. У роспачы Пуцін абвясціў «частковую мабілізацыю» 21 верасня. Але гэта яшчэ адно фіяска. Падобна, што больш расейскіх мужчын уцякло з краіны (не менш за 300 тысяч), чым далучыліся да войска. Урад быў вымушаны адправіць паліцыю і жаўнераў, каб яны палявалі на патэнцыйных рэкрутаў, нібы на дварэ 18-е стагоддзе.

Нядзіўна, што гэтак мала расейцаў жадаюць служыць у войскі. Цынкавыя дамавіны з целамі непадрыхтаваных жаўнераў, кінутых на фронт супраць загартаваных у баях украінскіх вайскоўцаў, ужо пачалі прыходзіць дадому. Як і ў выпадку ўварвання СССР у Афганістан, павелічэнне колькасці ахвяр яшчэ больш паважыць падтрымку так званай «спецаперацыі» і дыктатара, які загадаў яе пачаць.

Бут піша, што Пуцін далей робіць памылку за памылкай. 30 верасня ён абвясціў пра анэксію чатырох абласцей Украіны, якія ягонае войска нават цалкам не кантралюе, а таксама прыстрашыў пачаткам ядзернай вайны, калі Захад не згодзіцца з гэтым. Але гэта не спыніла ўкраінскі наступ або заходнюю падтрымку Кіева. 10 кастрычніка пасля выбуху на Крымскім мосце Пуцін стаў ужываць ракеты і беспілотнікі супраць украінскіх местаў. У панядзелак рой іранскіх беспілотнікаў-камікадзэ ўдарыў па Кіеве.

Гэта нагадвае пра «вайну местаў», якую зладзіў ірацкі дыктатар Садам Гусэйн супраць Ірана на пачатку 1984 года. Пачаўшы агрэсію, якая пайшла не паводле плану (гучыць знаёма, праўда?), Гусэйн пачаў бамбаваць месты з надзеяй, што гэта зломіць іранскую волю да барацьбы. Але "вайна местаў" зазнала крах. Яна толькі прычынілася да таго, што Іран адплаціў Іраку той жа манетай. Падобным чынам нямецкае бамбаванне Лондана ў 1940-1941, а ў 1944-145 гадах з дапамогай ракет V1 і V2 толькі паскорыла падзенне Адольфа Гітлера.

Напраўду няма ніводнага доваду за апошнія 100 гадоў, які б казаў, што тэрор абстрэлаў - гэта тактыка, якая можа прынесці перамогу ў вайне. Зазвычай такі падыход толькі гуртуе насельніцтва ў непадпарадкаванні нападнікам. Нават падчас другой сусветнай вайны, калі бамбавікі хаўруснікаў скідалі мільёны тон бомбаў на Нямеччыну і Японію, каб перамагчы ў вайне, усё адно давялося разбіць войскі Восі.

За выняткам ужывання ядзернай зброі, магчымасці Пуціна ў разбурэнні ўкраінскіх местаў будуць скарачацца. Бо ўкраінская сістэма СПА дагэтуль дзейнічае, а яшчэ ўзмацняецца з дапамогай заходніх сістэм, такіх як нямецкая IRIS-T. Новы камандзір расейскіх войскаў ва Украіне хутка зразумее: гэта не тое ж, што бамбаваць беспарадных сірыйскіх паўстанцаў. Калі Пуцін будзе па-сапраўднаму ў роспачы, ён можа звярнуцца да ўжывання тактычнай ядзернай зброі. Але гэта вельмі рызыкоўны крок, які можа скончыцца для яго дрэнна, калі NATO адкажа на гэта вайсковымі метадамі.

На жаль, пры ўсіх гэтых няўдачах Расеі няма ніякіх прыкмет, што Пуцін ахвочы адступіць. Без сумневу, ён усё яшчэ спадзяецца, што ўкраінскае супраціўленне раскідаецца пасля зімы. Каб узмацніць ціск, ён б'е па інфраструктуры электразабеспячэння ва Украіне і блакуе пастаўкі газу ў Еўропу.

Але пасля 8 месяцаў вайны няма ніякіх прыкмет, якія б казалі, што Украіна або Захад вось-вось пахіснуцца. Камбінацыя з расейскага барбарства і ўкраінскага вайсковага поспеху змушае антыпуцінскую кааліцыю трымацца разам. Войска Украіны паказала, што яна больш баяздольнае і спрытнае, чым нязграбныя войскі Расеі. І гэта не зменіцца, незалежна ад таго, колькі навабранцаў Крэмль адправіць у магілу. Ніхто, напэўна, не скажа, як гэтая вайна скончыцца. Але з кожным днём падаецца ўсё больш імаверным, што вынік Пуціну не спадабаецца.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках