У расейцаў, якія жывуць у Латвіі, спытаюць «Чый Крым?»
26- 21.10.2022, 21:15
- 12,290
Латвія паабяцала праверыць 10 000 расейцаў з ДНЖ.
Латвія праверыць усіх расейцаў з дазволам на жыхарства ў краіне, заявіў міністр замежных спраў Эдгар Рынкевіч у інтэрв'ю «Настоящему времени».
Паводле ягоных слоў, улады будуць «скарачаць» і не прадаўжаць ДНЖ, якія былі атрыманы за інвестыцыі або праз іншыя праграмы. Таксама ў расейцаў спытаюць «Чый Крым?» і «Што адбываецца ва Украіне?» - каб высветліць іх палітычныя погляды і тое, ці падтрымліваюць яны вайну. Адказы паўплываюць на шанцы падаўжэння ДНЖ.
«Я не думаю, што гэта шантаж ці ціск. 24 лютага жорстка памяняла стаўленне да Расеі. Гэта вайна не толькі аднаго чалавека. І хоць шмат хто кажа пра «вайну Пуціна», мы тут бачым гэта як вайну Расеі», — падкрэсліў Рынкевіч. Цяпер ДНЖ у Латвіі маюць 10 000 расейцаў.
Міністр таксама адзначыў, што Латвія не выдасць прытулак грамадзянам РФ, якія ўцякаюць ад мабілізацыі. На ягоную думку, такія людзі «не супраць вайны, а супраць мабілізацыі, і гэта вялікая розніца».
«Калі вы думаеце, што гэта недапушчальна, выступайце супраць. Мяне не пераконвае аргумэнт, што ў Расеі ўсіх заціснулі так, што ніхто не можа выйсці на вуліцы. Калі гэта сто, дзвесце, тысяча грамадзян - так. Але з'язджаюць зараз дзясяткі тысяч грамадзян, з нашых звестак. І я думаю: чаму мы мусім іх прымаць? Для нас гэта ў тым ліку пытанне бяспекі», - сказаў Рынкевіч.
Раней стала вядома, што ўлады Латвіі абмяжуюць тэрмін дзеяння пастаяннага дазволу на жыхарства для грамадзян Расеі, якія знаходзяцца ў краіне. Згодна з папраўкамі ў закон аб іміграцыі, дакументы будуць дзейнічаць да 1 верасня 2023 года. Каб іх падоўжыць, чалавек павінен загадзя падаць пасведчанне аб валоданні латышскай мовай.
У жніўні падобную заяву аб праверцы расейцаў зрабіў кіраўнік МЗС Літвы Габрыэлюс Ландсбэргіс. Ён прапанаваў пускаць у краіны Балтыі, а таксама Польшчу і Фінляндыю, толькі тых грамадзян, якія прызнаюць Крым украінскім. «Калі асоба, якая перасякае мяжу з Эстоніяй, Латвіяй, Літвой, Фінляндыяй, Польшчай, мяркуе, што Крым не акупаваны, мы можам зрабіць выснову, што ўезд такога чалавека не адпавядае інтарэсам нацыянальнай бяспекі Літвы», - падкрэсліў Ландсбэргіс.
Уключыць у візавую анкету для расецаў пытанне аб падтрымцы імі вайны ва Украіне прапаноўваў і пастаянны прадстаўнік Украіны ў санкцыях пры ЕЗ Аляксей Макееў.
Латвія, Літва, Эстонія і Польшча забаранілі ўезд грамадзянам РФ 19 верасня. Туды не могуць патрапіць нават тыя, хто мае шэнгенскія візы, выдадзеныя трэцімі краінамі. 30 верасня мяжу з Расеяй закрыла Фінляндыя.