4 траўня 2024, Субота, 5:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Кінулі ў мясасечку»

16
«Кінулі ў мясасечку»

Элітная брыгада ГРУ РФ панесла сур'ёзныя страты пры адступленні з Лімана.

Расейскай службе BBC стала вядома, што ў аперацыі ў няўдалай абароне Лімана бралі ўдзел элітныя расейскія вайсковыя злучэнні, і яны панеслі сур'ёзныя страты. Як мінімум дзевяць чалавек загінулымі і аднаго цяжка параненым страціла пры адступленні з Лімана 3-я гвардзейская брыгада спецыяльнага прызначэння Галоўнай управы генеральнага штаба, высветлілі журналісты, вывучыўшы сацыяльныя сеткі і пагаварыўшы з сястрой аднаго з загінулых байцоў. Такія вайсковыя злучэнні яшчэ з савецкіх часоў адпраўляюцца на найважнейшыя ваенныя заданні. Пакуль расейскае войска адступала з гэтага горада ў Данецкай вобласці, расейская прапаганда расказвала, што яго абараняюць мабілізаваныя з самаабвешчанай «ЛНР» і расейскія добраахвотнікі з атрадаў «Барс», якія фармуюцца ў рэгіёнах.

«Усю трэцюю спецбрыгаду спецыяльнага прызначэння загубілі. Кінулі ў мясасечку. Які ён у мяне прыгожы. 19 гадоў».

«Пры выкананні задачаў на тэрыторыі Украіны гераічна загінуў мой брат. Вечная табе памяць, маё сэрца, мой герой!»

«Паведамілі вельмі сумныя навіны для мяне! Загінулі мае браты, сябры, сапраўдныя таварышы са службы і проста добрыя мужыкі. Мне будзе вас не ставаць!»

«Просім малітваў аб супакоі воіна Вячаслава (Зінцова), выпускніка школы-інтэрната пры Мікола-Шартомскім манастыры. Загінуў у Чырвоным Лімане».

30 верасня і 1 кастрычніка ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» з'явіўся шэраг паведамленняў, якія гаварылі, што адступленне расейскай арміі з горада Ліман Данецкай вобласці адбывалася не так проста, як пра гэта паведамлялі афіцыйныя расейскія СМІ, а горад спрабавалі абараняць далёка не толькі добраахвотнікі з Расеі ці мабілізаваныя жыхары самаабвешчаных рэспублік, якія Уладзімір Пуцін да таго моманту абвясціў тэрыторыяй Расеі.

«Загінулі 8 чалавек, двое былі параненыя ў цяжкім стане. Адзін з іх памёр, адзін пакуль жывы, але вельмі цяжкі. Загінула ўся група амаль», – апавяла сястра аднаго з загінулых вайскоўцаў, пацвердзіўшы, што пры адступленні з Лімана аддзяленне страціла 3-я брыгада спецпрызначэння ГУ ГШ з Тальяці. «Усяго загінула дзевяць чалавек, двое параненыя», – сказала жонка другога загінулага.

Поўнай інфармацыяй аб месцы і абставінах гібелі дэсантнікаў іх сваякі не валодаюць, інфармацыя ім паступае ўрыўкавая:

«Ведаю, што вось гэтых хлопцаў там кінулі, яны цэлыя суткі адбіваліся, але не змаглі. Загінуў мой брат, яму быў усяго толькі 21 год, загінуў ягоны сябар, яму 19 гадоў», – расказала сястра загінулага. Калі целы вайскоўцаў вернуць дадому і калі адбудзецца пахаванне, сем'і пакуль не ведаюць.

Верагодна, гэта самая буйная аднаразовая страта 3-й брыгады спецыяльнага прызначэння, хоць страты яна несла з самага пачатку вайны: «Вядома, [страты] былі, але хіба нам хтосьці гаворыць пра гэта», – сказала сястра аднаго з загінулых.

Наколькі вядома з адкрытых крыніцаў, першыя байцы 3-й брыгады ГРУ загінулі ў пачатку сакавіка. Да адступлення з Лімана самымі цяжкімі для брыгады былі суткі з 3 на 4 сакавіка – тады загінулі чатыры выведнікі.

Журналісты Бі-бі-сі, «Медыязоны» і група валанцёраў з першага дня вайны вядуць падлік загінулых расейскіх вайскоўцаў на падставе адкрытых крыніцаў. Да 1 верасня журналісты сабралі звесткі пра 26 загінулых вайскоўцаў 3-й гвардзейскай брыгады спецпрызначэння, сярод якіх было пяць афіцэраў, да сярэдзіны верасня незвычайнай, але важнай крыніцай інфармацыі аказаўся стэнд з фатаграфіямі загінулых вайскоўцаў, выстаўлены падчас чэмпіянату ўзброеных сілаў Расеі ў боксе ў Барысаглебску. На ім былі надрукаваныя звесткі 47 загінулых салдатаў і афіцэраў 3-й гвардзейскай брыгады спецпрызначэння ГРУ.

Азнаёміўшыся з фатаграфіямі на стэндзе, журналісты высветлілі, што прозвішчы большасці згаданых спецназаўцаў раней з'яўляліся ў СМІ і сацсетках, але без указання месца службы. На стэндзе таксама былі фотаздымкі двух ГРУшнікаў, пра чыю гібель раней не паведамлялася публічна. Цяпер у гэты спіс дадалося як мінімум дзевяць новых прозвішчаў.

І тады, і цяпер амаль кожны чацвёрты загінулы баец спецпрызначэння ГРУ – афіцэр. Такія страты асабліва адчувальныя для войска і цяжка папоўніць. Замяніць афіцэра спецпрызначэння можна толькі чалавекам з такой самай спецыяльнасцю і ўзроўнем падрыхтоўкі, а на гэта сыходзяць гады навучання і трэніровак.

Паводле ацэнкі эксперта амерыканскага Цэнтра ваенна-марскога аналізу Майкла Кофмана, на кожнага загінулага расейскага вайскоўца ў ходзе вайны ва Украіне прыпадае ў сярэднім блізу трох з паловай параненых. На аснове гэтых звестак можна выказаць здагадку, што з шэрагаў 3-й брыгады спецпрызначэння ГРУ ў выніку гібелі або ранення маглі выбыць (прынамсі часова) больш за 200 чалавек.

Дакладная колькасць атрадаў спецпрызначэння засакрэчаная. Але нават з кансерватыўных ацэнак, выбыванне больш як 200 байцоў можа быць раўнацэннае поўнаму выхаду са строю дзвюх ротаў спецпрызначэння. У ходзе вайны ў Чачні выведроты спецпрызначэння ГРУ налічвалі 45–70 чалавек. Калі браць за аснову такую ацэнку, не выключана, што з ладу выведзена 75% выведротаў брыгады.

Што з сябе ўяўляе 3-я брыгада ГУ ГШ

3-я брыгада ГРУ, якой цяпер камандуе палкоўнік Альберт Амараў, была створаная ў 1966 годзе ў ГДР. Са студзеня 1991 да чэрвеня 1992 года яна дыслакавалася ў Рызе, а потым была перадыслакаваная ў пасёлак Рошчынскі Самарскай вобласці. У 2010 годзе брыгада пераехала ў Тальяці. Вайскоўцы брыгады ўдзельнічалі ў грамадзянскай вайне ў Таджыкістане, дзвюх чачэнскіх кампаніях, міратворчай місіі ў Косаве, а ў пачатку 2000-х ахоўвалі расейскія прадстаўніцтвы ў афганскім Кабуле. У жніўні 2017 года брыгада страціла двух сваіх вайскоўцаў у Сірыі.

Скандальным для 3-й брыгады ГРУ атрымаўся 2015 год, калі пад горадам Шчасце ў Луганскай вобласці ў палон трапілі два грамадзяніны Расеі Яўген Ерафееў і Аляксандр Аляксандраў. На допыце яны заявілі, што з'яўляюцца вайскоўцамі 3-й гвардзейскай брыгады. Расейскі бок, які на той момант адмаўляў прысутнасць сваіх войскаў на ўсходзе Украіны, заявіў, што гэтыя вайскоўцы даўно звольніліся і ваявалі на баку «народнай міліцыі ЛНР» у якасці добраахвотнікаў.

У красавіку 2016 года Ерафееў з Аляксандравым былі асуджаныя ва Украіне да 14 гадоў зняволення, а ўжо праз месяц іх абмянялі на ўкраінскую лётчыцу Надзею Саўчанку, якую расейскі бок абвінавачваў у датычнасці да гібелі здымачнай групы ВДТРК. Пра далейшы лёс Ерафеева і Аляксандрава нічога не паведамлялася, а Саўчанка потым паспела пабываць дэпутаткай Вярхоўнай рады, фігуранткай крымінальнай справы і журналісткай.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках