УСУ вядуць магутны наступ пад Сватавым: новыя мапы баёў
- 13.11.2022, 9:41
- 15,476
На ўсходнім фронце ідуць разлютаваныя баі.
Сілы Абароны Украіны працягваюць контрнаступальныя дзеянні пад Сватавым і Крамянной Луганскай вобласці, пашыраюць зону кантролю ў Херсонскай вобласці, і трымаюць межы ў Данецкай вобласці, дзе атакі расейскіх захопнікаў не спыняюцца, і ідуць цяжкія баі.
Пра гэта паведамляе Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Баі каля Крамянной і Сватава
Паводле інфармацыі расейскіх крыніц, 12 лістапада УСУ працягвалі контрнаступальныя аперацыі ў кірунку Крамянной і Сватава.
У Мінабароны РФ распавядалі, што былі адбітыя напады ўкраінскіх войскаў у 15 км на паўночны захад ад Сватава ля Уладзіміраўкі і Куземаўкі Луганскай вобласці, і што наносілі артылерыйскія ўдары па сілах УСУ ля Пясчанага Харкаўскай вобласці (24 км на паўночны захад ад Сватава), а ў дадатак да гэтага былі адбітыя атакі Сіл Абароны Украіны ў кірунку Сватава і ў межах 21 км на паўночны захад ад Крамянной у кірунку Плашчанкі, Макееўкі і Чэрвонапапоўкі.
Паводле інфармацыі Генштаба УСУ, украінскія сілы адбівалі атакі расейскіх войскаў за 30 км на паўночны захад ад Сватава пад Масютаўкай і Арлянкай у Харкаўскай вобласці, а таксама пад Мясажараўкай і Навасёлаўскім у Луганскай вобласці. Акрамя таго - за 21 км на паўночны захад ад Крамянной пад Макееўкай і за 12 км на поўдзень ад Крамянной пад Белагораўкай.
«Расейскія сілы праводзілі гэтыя контратакі, імаверна, для стрымлівання дзеянняў украінскіх сіл ва ўсходняй частцы Харкаўскай і заходняй частцы Луганскай абласцей, а не для аднаўлення абмежаванай тэрыторыі», – адзначаюць аналітыкі.
Таксама акупанты працягваюць наносіць «планавыя» ракетна-артылерыйскія ўдары па ўсходзе Украіны.

Сітуацыя ў Херсонскай вобласці
Украінскія сілы працягвалі зачыстку вызваленых населеных пунктаў Херсонскай вобласці на правым беразе Дняпра. Як заявіў прэзідэнт Украіны, вайскоўцы вызвалілі больш за 60 сёлаў і гарадоў у гэтым рэгіёна, а ў Генштабе УСУ інфармуюць аб працягу стабілізацыйных мерапрыемстваў. У Херсон вярнуліся прадстаўнікі дзяржаўнай абласной вайсковай адміністрацыі.
Некаторыя перадавыя ўкраінскія часткі выйшлі на правы бераг Дняпра з мэтай устанаўлення кантролю, аднак, з некаторых звестак, расейская артылерыя ў Кахоўцы перашкаджае выйсці на заходнюю частку ўзбярэжжа большай колькасці сіл.
Акупанты працягваюць выкарыстоўваць БПЛА, сістэмы РСЗА і артылерыю для нанясення ўдараў па падраздзяленнях УСУ ў вызваленых населеных пунктах Херсонскай вобласці.
Разам з тым украінскія вайскоўцы працягваюць пошукі расейскіх жаўнераў без формы і кінутую вайсковую тэхніку ворага, уключаючы верталёты і бронетэхніку, хоць раней у Мінабароны РФ запэўнівалі, што перакінулі 5 тысяч адзінак узбраення на ўсходні бераг Дняпра.
Расейскія сілы працягваюць уладкоўваць абарончыя пазіцыі на левым баку ракі і наладжваць тылавое забеспячэнне на поўдні Херсонскай вобласці.
Нядаўнія спадарожнікавыя здымкі Maxar Technologies і Satellogic паказалі, што войскі РФ стварылі новую базу прыкладна ў 70 км на паўднёвы ўсход ад Херсона – імаверна, у спробе абараніць сваё ўзбраенне ад украінскіх удараў HIMARS.
УСУ працягвалі наносіць удары па расейскіх пазіцыях на левым беразе і, як паведамляецца, знішчылі расейскі склад боепрыпасаў у Кахоўскім раёне.

Цяжкія баі на Данбасе
Акупанты 12 лістапада нанеслі наземныя ўдары пад Северскам, Бахмутам і Аўдзееўкай. Паводле інфармацыі Генштаба УСУ, украінскія войскі адбілі наземныя атакі расейскіх захопнікаў на ўсход ад Северска пад Верхнакаменскім, Саледарам і Бахмутам.
Як сцвярджаюць расейскія крыніцы, акупанты захапілі чыгуначную станцыю Маёрск на поўдзень ад Бахмута.
Былі апублікаваныя кадры з геалакацыяй, на якіх відаць, як украінскія сілы штурмуюць расейскія пазіцыі на ўсход ад Бахмута ўздоўж трасы Т0504.
Ва ўкраінскім Генштабе праінфармавалі, што УСУ адбівалі наземныя атакі расейскіх войскаў на захад ад Аўдзееўкі ля Першамайскага і паўднёва-заходней Аўдзееўкі ў пад Невельскім, Краснагораўкай і Мар'інкай.
Ля Першамайскага і на поўдзень ад Аўдзееўкі пад Вопытным баі ўсё яшчэ працягваюцца.
Як паведамляюць аналітыкі, на 12 лістапада расейскія войскі дабіліся нязначных поспехаў у сваім наступальным дзеянні на Вугледар. Захопнікі нязначна прасунуліся да Паўлаўкі.
«Расейская крыніца сцвярджала, што расейскія войскі абстралялі Паўлаўку, паказваючы на тое, што расейскія сілы, імаверна, не кантралююць увесь пасёлак», - распавялі ў ISW.

Таксама аналітыкі ў новай справаздачы аб сітуацыі на франтах адзначаюць, што расейскае вайсковае кіраўніцтва беспаспяхова спрабуе інтэграваць разрозненыя вайсковыя фармаванні ў больш згуртаваную баявую сілу ва Украіне.
У ISW паведамляюць, што між тым расейскія чыноўнікі, магчыма, спрабуюць ухіліцца ад выплаты абяцаных грашовых узнагароджанняў сваім вайскоўцам.