«Прыгожын вось-вось развяжа ў Расеі грамадзянскую вайну»
11- 13.11.2022, 10:17
- 14,846
Для стваральніка ПВК «Вагнера» гэта адзіны шанец застацца ў жывых.
Расейскі дыктатар Уладзімір Пуцін стварыў ПВК «Вагнер» і войска Рамзана Кадырава як процівагу змове эліт. Гэтая гісторыя з высокай імавернасцю скончыцца для ўсёй Расеі страшным кровапраліццем.
З такім прагнозам у сваім блогу ў YouTube выступіў вядомы расейскі гісторык і палітык Дзмітрый Чарнышэўскі.
Ён упэўнены, што і для верхавода «вагнераўцаў» Прыгожына, і для Кадырава запуск сцэнару грамадзянскай вайны адзіна прымальны. Толькі пры такім развіцці падзей у іх ёсць шанц застацца ў жывых.
«Для Прыгожына перспектыва вельмі простая: альбо ён будзе ліквідаваны Пуціным пасля таго, як Пуцін яго рукамі задушыць паўстанне элітаў і расправіцца са змоўшчыкамі, альбо яму адкруцяць галаву пераемнікі Пуціна. Калі ён не захопіць уладу, яго заб'юць. Для таго, каб выжыць, ён павінен пачаць грамадзянскую вайну… Пасля звяржэння Пуціна перш за ўсё задачай новай улады стане ліквідацыя гэтай ПВК, якая ўяўляе сабой паралельную структуру ўлады, разбурае манаполію дзяржавы на гвалт і проста пагражае самому існаванню кіроўнай эліты», - распавёў Чарнышэўскі.
Ён запэўніў, што мірна Прыгожын да ўлады прыйсці не зможа, бо з'яўляецца беспрынцыповым і бязлітасным крымінальнікам. Хутчэй за ўсё ён паспрабуе самастойна ліквідаваць Пуціна, калі адчуе пагрозу свайму існаванню.
«Прыгожына Пуцін стварыў як процівагу супраць змовы эліт. Але гэтая процівага, каб выжыць, павінна ва ўсе бакі адкрыць агонь: альбо Пуціна знішчыць, альбо развязаць грамадзянскую вайну», - папярэдзіў гісторык.
Ён раіць расейцам рыхтавацца да таго, што ў кожны момант падзеі могуць панесціся паводле «самага дрэннага сцэнару».