Брытанскі палкоўнік: Украіна зойдзе ў Беларусь і вызваліць яе ад Лукашэнкі
75- 13.11.2022, 22:55
- 51,282
Войска дыктатара слабае «з галавы».
Брытанскі вайсковы экспэрт, палкоўнік Глен Грант заявіў, што ўкраінская ўлада павінна паслаць Беларусі дакладны сігнал і перасцерагчы ад спробы ўварвання. З ягоных слоў, рэгулярнае беларускае войска наўрад ці адважыцца напасці на Украіну.
У той жа час экспэрт падкрэсліў, што калі гэта адбудзецца, то лукашэнкаўскія войскі будуць хутка знішчаныя. Пра гэта Грант распавёў у эфіры тэлеканала «Эспрэса».
З ягоных слоў, беларускае войска перадала вялікую колькасць вайсковага рыштунку ў РФ. Грант сумняваецца, што з тымі сіламі, якія ёсць у Беларусі, магчымае ўварванне ва Украіну.
Пры гэтым ён дадаў, што не апошнюю ролю ў гэтым працэсе адыграе ўкраінская ўлада. Экспэрт заявіў, што прэзідэнт Уладзімір Зяленскі павінен дакладна даць сігнал Менску аб наступствах магчымага ўварвання ва Украіну.
«Гэтае войска» (Беларусі, – рэд.) вельмі слабае з галавы. У яго няма належнай падрыхтоўкі, і шмат абсталявання ўжо перададзенае Расеі. Гэта не тое войска, якое сапраўды можа напасці. Але ўсё ж гэта не азначае, што іх не змогуць прымусіць напасці. Думаю, што адказ на гэтае пытанне ў руках Зяленскага. Ён павінен пераканацца, што палітычна ўся беларуская сістэма і яе ўрад разумеюць, што, калі Беларусь пяройдзе мяжу з Украінай - усё. Украіна зойдзе ў Беларусь і вызваліць яе ад тых, хто пры ўладзе», - заявіў Грант.
Таксама брытанскі вайсковы экспэрт заявіў, што беларускія вайскоўцы не жадаюць ваяваць з Украінай. З ягоных слоў, спроба ўварвання ва Украіну прывядзе да вялізных ахвяр сярод беларускіх і расейскіх вайскоўцаў.
«Мы павінны дакладна даць ім зразумець, што пераходу мяжы не павінна быць. Для іх гэта не пад сілу, бо ў іх бракуе войскаў, каб зрабіць гэта разумна. Калі яны нападуць, то будзе нашмат больш смерцяў як з боку расейцаў, так і з боку Беларусі. Я не думаю, што беларускія жаўнеры ўвогуле хочуць ваяваць з вамі. Я ўпэўнены, што яны гэтага не жадаюць», - сказаў экспэрт.