На сайце Крамля «адмовіліся» ад анэксаваных тэрыторый Украіны
10- 13.11.2022, 10:54
- 28,656
Апублікаваная мапа.
На мапе, размешчанай на сайце Крамля, не з'явіліся «далучаныя» ў верасні рэгіёны Украіны.
Праз паўтара месяца пасля таго, як Расея абвясціла аб анэксіі захопленых тэрыторый Данбаса, Херсонскай і Запарожскай абласцей, гэтыя рэгіёны так і не з’явіліся на мапе РФ, апублікаванай на сайце Крамля.
Акрамя таго, гэтыя тэрыторыі адсутнічаюць на вэб-парталах Савета Федэрацыі і ўрада Расеі. Цяпер на гэтых мапах значацца 85 суб'ектаў, уключаючы анэксаваны Крым.
Пры гэтым у пераліку рэгіёнаў, размешчаных побач з мапамі, згадваюцца ўсе захопленыя расейскім войскам тэрыторыі.
З моманту абвяшчэння аб анэксіі акупаваных тэрыторый Данбаса, Херсонскай і Запарожскай абласцей войска РФ ужо паспела страціць кантроль над такімі значнымі населенымі пунктамі, як Ліман і Херсон.
Херсон, дарэчы, быў адзіным абласным цэнтрам, які расейскія войскі здолелі заняць пасля поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну ў лютым гэтага года.
