NYT: УСУ рыхтуюць «таемную кампанію» з новымі ўдарамі па войску РФ
2- 13.11.2022, 14:47
- 17,600
Украінскае войска не спыніцца пасля вызвалення Херсона.
Украіна зімой можа пачаць «таемную кампанію» для дэманстрацыі здольнасці Кіева наносіць удары па расейскіх вайскоўцах на акупаванай тэрыторыі, мяркуюць аналітыкі, апытаныя The New York Times.
Старэйшы віцэ-прэзідэнт вашынгтонскага Цэнтра стратэгічных і міжнародных даследаванняў (CSIS) Сэт Джонс мяркуе, што ўкраінскія ўлады выглядаюць гатовымі да прадаўжэння дыверсійнай і падрыўной дзейнасці на пазіцыях расейскіх войскаў.
Паводле ягоных словаў, гэта могуць быць «адзінкавыя забойствы» і «дыверсіі на падкантрольнай Расеі тэрыторыі Украіны».
На думку чыноўнікаў Белага дому, Кіеў таксама павінен выкарыстоўваць зіму для аднаўлення запасаў узбраенняў, паведамляе NYT.
Паводле звестак газеты, Украіна настойвае на дадатковых пастаўках сістэмаў СПА, танкаў і знішчальнікаў. Прадстаўнікі адміністрацыі Байдэна заяўляюць, што вельмі важна выкарыстоўваць зімовае запаволенне для аднаўлення ўкраінскіх абарончых і наступальных узбраенняў.
Расея, у сваю чаргу, можа ўзмацніць напады на цывільную інфраструктуру, каб запалохваць мірнае насельніцтва, піша NYT са спасылкай на неназваных амерыканскіх чыноўнікаў. Украінскія афіцыйныя асобы, паводле інфармацыі газеты, мяркуюць, што Расея можа наносіць удары па аб'ектах водазабеспячэння.
Пры гэтым прадстаўнікі адміністрацыі Байдэна мяркуюць, што расейскія запасы высокадакладных ракетаў вялікай далёкасці змяншаюцца, абмяжоўваючы тым самым магчымасці Масквы ў нанясенні ўдараў па цывільнай інфраструктуры.
Аднаўлення поўнамаштабных наступальных дзеянняў ваенныя аналітыкі, апытаныя выданнем, чакаюць у лютым 2023 года пасля перападрыхтоўкі войскаў з абодвух бакоў.
Раней NYT паведаміла са спасылкай на ваенных экспертаў, што УСУ могуць прадоўжыць наступаць на Паўднёвым кірунку або ў Данбасе, не чакаючы вясны. На думку экспертаў, наступнымі мэтамі ўкраінскага войска могуць стаць Мелітопаль у Запарожскай вобласці і Сватава ў Луганскай вобласці.
Паводле словаў камандзіра супрацьтанкавай часткі УСУ ў Бахмуце Данецкай вобласці лейтэнанта Міхейчанкі, наступнай вызначальнай бітвай можа стаць бой за Бахмут.
Раней пра тое, што зіма наўрад ці спыніць баі, пісалі аналітыкі з Інстытута вывучэння вайны (ISW). На іхнюю думку, халады могуць даць перавагу ўкраінскаму войску і нанесці сур'ёзныя страты расейскім вайскоўцам праз дрэнную экіпіроўку і забеспячэнне.