Лукашыстам выбілі апошнія зубы
20- АРЦЁМ ЧЭРНІКАЎ
- 13.11.2022, 14:56
- 75,528
У свеце гэты феномен прынята зваць «эфектам Стрэйзанд».
Прыхільнікаў рэжыму ўсю іх «кар'еру» суправаджае страшны праклён: усё, што яны спрабуюць забараніць, прыбраць або абмежаваць – імгненна становіцца флэшмобам. Напрыклад, пасля забароны страйку ў нашай краіне колькасць лакальных страйкаў вырасла. Тыдзень таму ў Ганцавічах супрацоўніцы ТАА «Полацкія ягады» выбілі з наймальніка абяцаны заробак звычайным страйкам. Да гэтага выпадку перагляду ўказа аб «рэгуляванні коштаў» дамагліся прадпрымальнікі, а ў траўні «Менскі малочны завод № 1» дамогся павышэння заробкаў тым жа шляхам. Лукашысты абламаліся напоўніцу, а беларусы зразумелі, што страйкі працуюць.
І такая дынаміка назіраецца ва ўсім. У пачатку лістапада гурт TOR BAND і іх сацыяльныя сеткі прызналі экстрэмісцкімі. Вынікам стала павышэнне ўвагі да гурту, дзесяціразовы прырост праслухоўванняў на музычных платформах і згадак. Больш за тое, людзі, якія былі незнаёмыя з іх творчасцю, нарэшце пачулі і палюбілі трэкі, якія так моцна раздражняюць лукашыстаў.
На гэтым тыдні ў элітны спіс забаронаў увайшла фраза «Жыве Беларусь!». Пасля чаго ў пошукавых запытах Google-статыстыка пратэставага лозунгу беларусаў наблізілася да тых пікаў, якія былі ў 2020 годзе падчас пратэстаў. Твітэр, Інстаграм, Фэйсбук – беларусы ва ўсіх сацсетках адрэагавалі на забарону згадваннем хэштэга #жывебеларусь. І здаецца, што гэты флэшмоб з намі надоўга.
У свеце гэты феномен прынята зваць «эфектам Стрэйзанд» – спробы выключыць або забараніць пэўную інфармацыю прыводзяць толькі да яе шырэйшага распаўсюду.
Дзіўна, але менавіта лукашысты больш, чым хто-небудзь, займаюцца піяр-кампаніяй беларускага пратэсту. Бо гэта зусім не адзінкавыя выпадкі. Цягам двух гадоў пасля пратэстаў любая іх забарона становіцца флэшмобам, які актыўна распаўсюджваецца ў сетках. Іх баязлівасць нават перад такімі бяскрыўднымі рэчамі, як музыка, фразы, сімволіка – проста не пакідаюць ім месца для манеўраў. Кожны такі флэшмоб у адказ на іх шалёныя ўказы выбівае лукашыстам рэшту зубоў. Не здзіўлюся, калі, усвядоміўшы гэта, яны ўнясуць у спіс экстрэмістаў самога дыктатара, у надзеі, што гэта прымусіць народ палюбіць яго. Але, на іх вялікі жаль, ніякі сацыяльны эфект не здольны прышчапіць любоў да забойцы.
Сацыяльны феномен беларусаў прывядзе нас да перамогі. Народ, які сутыкнуўся са злом, прыцэльна мочыць дыктатара песнямі, улёткамі, лакальнымі страйкамі, фразамі ў сетках. Халуі ж, загнаныя ў тупік бясконцымі загадамі Лукашэнкі здушыць пратэставы настрой у Беларусі, цяпер толькі нарошчваюць яго. Патавая сітуацыя. Цяпер любы іх крок вядзе да краху дыктатуры. У краіне, дзе прабітае эканамічнае і прававое дно, запалохванні больш не працуюць. Цяпер мы назіраем сінусоіду, якая дасягнула ніжняй кропкі і па ўзыходнай імкнецца ўгору да справядлівасці і дэмакратыі.
Жыве Беларусь!
Арцём Чэрнікаў, спецыяльна для Telegram-канала «Баста!»