У Беларусі пачынаецца «арктычнае ўварванне»
5- 13.11.2022, 22:34
- 25,816
Сіноптыкі расказалі пра надвор'е на наступны тыдзень.
На адыходным тыдні ў Беларусі было цяплей, чым у сярэднім у мінулыя гады, і жыхарам магло здацца, што да зімы яшчэ далёка. Але гэта не так, расказаў у эфіры "Метэагіда" на дзяржканале АНТ Дзмітрый Рабаў. Паводле ягоных словаў, ужо ў пачатку наступнага тыдня "на змену атлантычнаму цяплу прыйдзе арктычнае ўварванне". І ў краіне пачнуцца дажджы з мокрым снегам, туманы і галалёдзіца.
Ужо на пачатку тыдня пахаладае – беларусы адчуюць уплыў халодных антыцыклонаў і атмасферных франтоў, будзе вільготнасць да 80–90% і месцамі раніцамі – слабыя туманы з бачнасцю да аднаго кіламетра.
У панядзелак 14 лістапада, паводле прагнозаў сіноптыкаў, воблачна з праясненнямі, без істотных ападкаў. Уначы ад нуля да +6°С, днём будзе +5°С... +10°С.
У аўторак чакаецца ад +4 градусаў па паўночным усходзе краіны да +10 па паўднёвым захадзе. У небе ў асноўным будзе пахмурна з праясненнямі, але па краіне пройдуць дажджы і мокры снег.
З 16 лістапада, серады, ужо пачнуцца маразы – ноччу чакаецца -2... +3 градусы, днём – ад +2 на паўночным усходзе да +9 на паўднёвым захадзе Беларусі.
У чацвер днём без ападкаў, а вось ноччу па паўднёвым усходзе пройдуць снег і мокры снег. Тэмпература паветра раніцай -2.. +7, днём +1... +7. У пятніцу днём зноў пахаладае да 0°C... +5°С.
На жаль, да выхадных надвор'е моцна не памяняецца – у асноўным (папярэдне) абяцаюць пераменную воблачнасць без істотных ападкаў. Спадзе вільготнасць паветра – да 50%. У суботу ноччу ад 3 градусаў марозу да 7 градусаў цяпла, днём – 0... +7. У нядзелю на паўднёвым усходзе на вуліцы будзе ад 1, на паўднёвым усходзе – да +9 градусаў цяпла.





