Баец УСУ: Расейцы сапраўды рыхтаваліся да вулічных баёў у Херсоне
2- 13.11.2022, 17:25
- 12,952
Але акупантам давялося вельмі хутка сыходзіць.
Пра тое, чаму расейскае войска без бою здало Херсон, у праграме «Факты ICTV» расказаў украінскі вайсковец Кірыл Сазонаў. Палітолаг мяркуе, што УСУ не пакінулі ворагу выбару, зламаўшы некалькі ўзроўняў абароны.
Добраахвотнік УСУ свой адказ на пытанне, чаму акупанты добраахвотна пакінулі Херсон, пачаў так: «У нас сітуацыя якая? Праламілі трэцюю лінію абароны. Яшчэ дзве былі перад намі. Яшчэ дзве лініі былі, і да вулічных баёў яны рэальна рыхтаваліся. Гэта відаць было з Херсона, з дотаў, з умацаваных першых паверхаў, з агнявых пунктаў – рыхтаваліся да вулічных баёў, гэта было зразумела, мы гэта бралі да ўвагі, таму што яны хацелі з Херсона зрабіць другі Марыюпаль, але абвінаваціць у гэтым Узброеныя сілы Украіны, што яны пры вызваленні горада яго разбурылі».
Кірыл Сазонаў агучыў прычыны хуткага адступлення войскаў РФ з Херсона без супраціву: «Ім давялося сыходзіць вельмі хутка, таму што, па-першае, ім стала няўтульна: прарваўшы тую лінію абароны, іх наша арта пачала даставаць усюды, ва ўсіх пунктах (на гэтым плацдарме ім не было дзе хавацца). Па-другое, яны вельмі баяліся, што мы адрэжам іх ад сыходу на правы бераг, і тады ўвогуле ніхто не сыдзе».