2 студзеня 2026, Пятніца, 16:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што вядома пра выбух у цэнтры Стамбула

17
Што вядома пра выбух у цэнтры Стамбула

Выбух мог учыніць смяротнік.

Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган асудзіў нядзельны напад у цэнтры Стамбула і заявіў, што ў выніку выбуху ля плошчы Таксім шэсць чалавек загінулі і дзясяткі атрымалі раны, паведамляе BBC.

«Адпаведныя падраздзелы нашай дзяржавы працуюць над пошукам вінаватых […] у гэтым гнюсным нападзе», - сказаў Эрдаган на прэсавай канферэнцыі, якую ў жывым эфіры транслявалі турэцкія тэлеканалы.

ФОТА: AFP

Губернатар Стамбула Алі Ерлікая таксама паведаміў у «Твітэры» пра шэсць загінулых і 53 пацярпелых. Паводле ягонай інфармацыі, выбух адбыўся пад 16:20 мясцовага часу.

На месца здарэння прыехалі аддзелы паліцыі, аўтамабілі хуткай дапамогі, пажарнай аховы ды іншых надзвычайных службаў.

Прычыны выбуху ля плошчы Таксім у мікрараёне Бэёглу пакуль незразумелыя. Паводле няспраўджанай інфармацыі, выбух мог учыніць смяротнік.

Гэта адзін з найболей папулярных сярод турыстаў абшараў места. У сацыяльных сетках з'явіліся кадры, на якіх відаць, як людзі разбягаюцца па папулярнай пешаходнай вуліцы Істыкляль, дзе знаходзіцца вялікая колькасць кавярняў і крам.

На відэароліках з месца здарэння таксама прыкметныя людзі, якія сядзяць на зямлі, параненыя або аглушаныя выбухам. Мяркуючы з гэтых ролікаў, а таксама паведамленняў карэспандэнтаў, выбух было чуваць здалёк, а на яго месцы шуганула полымя.

На здымках таксама відаць шырокая чорная яміна на месцы выбуху, а таксама некалькі цел на зямлі непадалёк.

На вуліцы Істыкляль таксама знаходзіцца расейскае консульства. Але выбух адбыўся за некалькі кварталаў ад яго.

Як паведамляе з месца падзей карэспандэнт Арла Герын, у высокай частцы ажыўленай стамбульскай вуліцы Істыкляль знаходзіцца вялікая колькасць паліцыі.

«Уезд на вуліцу з плошчы Таксім перацяты. Над галавой кружляе гелікаптэр. У мясціну з'ехалася паліцыя аховы грамадскага парадку, туды-сюды ездзяць самаходы хуткай дапамогі», - паведамляе яна.

З зоны вакол выбуху ўсіх эвакуавалі, месца здарэння ачэпленае.

Істыкляль ужо станавілася месцам нападу падчас чарады атак на Стамбул у 2015-2016 гадах, адказнасць за якія ўзяла на сябе групоўка «Ісламская дзяржава».

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках