Беларускія ахвотнікі ўдзельнічалі ў вызваленні Херсона
5- 13.11.2022, 19:17
- 20,632
Сярод іх - маці загінулага беларускага байца Паўла «Волата».
У мінулую пятніцу, 11 лістапада, украінскія вайскоўцы ўвайшлі ў Херсон, які знаходзіўся пад расейскай акупацыяй з пачатку сакавіка. У наступе разам з украінцамі бралі ўдзел і беларусы. Так, ахвотнікі з батальёна «Тэрор» працуюць на паўднёвым кірунку з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне.
Пра ўдзел беларусаў у вызваленні Херсона zerkalo.ia расказалі баец батальёна "Тэрор" Наталля - маці загінулага ва Украіне Паўла "Волата» - і баец з мянушкай "Алесь".

Алесь цяпер знаходзіцца ў тыле. Ён смяецца, што прапускаў трэнінгі, але потым сур'ёзна тлумачыць, што на баявыя заданні ў батальёне выходзяць толькі тыя байцы, якія падрыхтаваныя на ўсе сто адсоткаў.
- Пры наступе адбываецца так: спачатку ідуць малыя групы, і ўжо затым заходзяць асноўныя войскі. Батальён «Тэрор» таксама працуе як малы гурт, мы адпрацоўваем тэрыторыю, а потым ужо падцягваюцца іншыя сілы.

- Што адбываецца цяпер на тэрыторыі вызваленай Херсоншчыны?
- Шмат дамоў разбурана. З таго, што бачыў асабіста я: людзі сустракаюць, радуюцца, махаюць рукамі. Мне, напрыклад, было вельмі прыемна, калі я спыніўся ў сельскай крамцы, каб купіць каву. Прадавачка сказала, што плаціць не трэба. Абдымала, плакала і ў выніку плату за каву так і не ўзяла. Такое стаўленне вельмі кранае, бо ясна, што грошай тутэйшыя жыхары вельмі мала маюць, ім давялося шмат чаго перажыць, — расказвае беларус. - Зноў жа, расейцы кажуць, што яны вывезлі тэхніку, але я сам бачыў, як наш буксір цягне танкі з характэрным «мангалам» - металічнай канструкцыяй, якую вешаюць на баявыя машыны расейскія вайскоўцы.
Алесь расказвае, што прасоўванне беларускіх ахвотнікаў у бок Херсона пачалося яшчэ на пачатку сакавіка, калі беларусаў пасля баёў пад Кіевам і адбіцця атак расейскіх войскаў у Ірпені, Бучы і Гастомелі накіравалі на паўднёвы кірунак для выканання іншых задач.
Першым з беларусаў разам з украінскімі вайскоўцамі ў бок Мікалаева адправіўся Павел «Волат», які камандаваў ротай, што выконвае выведна-штурмавыя заданні.
- Фактычна, з пісьменнай выведкі, у якую ўнеслі свой уклад і беларусы, а таксама планамернага знішчэння ворага і пачалося тое, што скончылася 11 лістапада ў Херсоне, - кажа Алесь.
Наталля ўдакладняе, што галоўнай задачай "Волата" была выведка і вызначэнне кірунку, на якім будуць працаваць беларусы. Але былі і іншыя заданні.
- Павел быў з прафесіі дыверсантам-выведнікам. На той момант ля Мікалаева стаялі ўкраінскія вайскоўцы ды інтэрнацыянальны легіён. І першае, чым ён разам з іншымі займаўся, - гэта была выведка і вывад байцоў УСУ і замежных ахвотнікаў з паўкатлоў. Таксама яны праводзілі выведку каля Кінбурнскай касы. На той момант Павел казаў, што штурмавыя дзеянні немагчымыя, бо там было засяроджана досыць шмат войскаў ворага, - апавядае Наталля. - Потым ягоную справу ўжо і працягнуў батальён "Тэрор", які прыбыў сюды ў канцы вясны.
Акрамя выведкі, гэты беларускі падраздзел займалася карэкцыяй агню ўкраінскай артылерыі на некалькіх дзялянках і стрымліваннем расейскіх войскаў.
- А таксама знішчэннем жывой сілы, тэхнікі, складоў з баявымі прыпасамі ды штурмам пазіцый, - пералічвае Алесь.
- На якіх яшчэ кірунках цяпер працуюць беларусы?
- На гэты момант мы не можам казаць, на якім кірунку мы працуем, а таксама дзе дакладна знаходзяцца нашы байцы. Аперацыйная інфармацыя не выдаецца. Нам не рапартуюць, у якіх паселішчах цяпер знаходзяцца вайскоўцы, але работу маем, хоць Херсон і вызвалены. Усе кажуць, што расейскія войскі адышлі, але трэба разумець, што яны проста ўцяклі адтуль. Не трэба думаць, што гэта была забаўляльная праходка. Маўляў, УСУ і беларусы проста ўвайшлі ў спусцелае места. Вызваленне Херсона пачалося неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. І ўклад нашых ахвотнікаў нельга ні ў якім разе прымяншаць. Менавіта на гэтым кірунку загінулі трое беларусаў: Павел "Волат", стралок-парамедык Міхал "Юнгер" Шавельскі і механік-кіроўца падраздзелу, імя якога пакуль назваць не можам. А яшчэ засталася Кінбурская каса, з выведкі якой і пачыналі беларусы. З вызваленнем яе асаблівае, нейкае нават сымбалічнае кола замкнецца, - кажа Алесь.