Смаленскія «мобікі» ўцяклі з пазіцый на левым беразе Дняпра і запісалі відэа бунту
22- 16.11.2022, 17:59
- 35,502
Апошнім «аргументам» стала тое, што УСУ пачалі наносіць удары з дапамогай беспілотнікаў.
Мабілізаваныя са Смаленскай вобласці РФ, якія кінулі свае пазіцыі на левым беразе Дняпра пад націскам УСУ, запісалі відэа, каб апраўдаць свае ўцёкі, паведамляе «Страткам УСУ».
Са слоў акупантаў, камандаванне не забяспечыла іх неабходным узбраеннем, выдаўшы толькі рыдлёўкі, аўтаматы Калашнікава, вінтоўкі Мосіна і некалькі РПГ, прымусіўшы будаваць умацаванні пад агнём ворага.
Нясучы страты, яны пастанавілі ўцячы, а каб пазбегнуць адказнасці, запісалі відэа з апраўданнямі.
«Усё здарылася таму, што цягам некалькіх тыдняў нас перакідвалі з месца на месца, і казалі, што нашая асноўная задача — гэта капаць… На апошнім месцы дыслакацыі намі былі абсталяваныя фартыфікацыйныя збудаванні з пліт савецкай вытворчасці, якія ўжо даўно выпрацавалі свой тэрмін службы… Камандаванне нам не давяло, што той бераг цалкам заняты войскамі ворага. Мы займаліся сваімі бытавымі справамі, і па нас зладзілі магутны мінамётны абстрэл», - паскардзіўся адзін з «мобікаў», дадаўшы, што яны былі без сувязі і не маглі каардынаваць свае дзеянні.
Апошнім аргументам дэзерціраў стала тое, што УСУ пачалі наносіць удары з дапамогай беспілотнікаў.
«Мы як падраздзяленне ўвогуле не маглі нічога зрабіць. Проста неслі страты. У выніку чаго пастанавілі адысці назад», - заявілі расейскія захопнікі.
Пасля ўцёкаў УС РФ з Херсона расейскія акупанты пастанавілі выбудаваць сваю абарону на левым беразе Дняпра, аднак націск украінскага войска не спыняецца і яны працягваюць несці вялізныя страты.